Вёскі Алешчаняты няма на карце. Аднак насамрэч яна ёсць. У ёй жывуць зусім нешматлікія вяскоўцы. Але сабак больш.
Тут, на радзіме сваіх продкаў, Алена Крэйніс разам з мужам Ігарам стварылі прытулак для сабак.
– На гэтым месцы жыў мой прадзед, – распавядае Алена, праводзячы экскурсію па двары. – А вось у гэтую хатку мяне прывезлі з радзільні.
Ігар і Грыня.
Першапачаткова Ігар і Алена хацелі зрабіць у Алешчанятах аграсядзібу. Аднак, на думку гаспадыні, часта ў такія сядзібы прыязджаюць толькі для таго, каб папіць гарэлкі. Увесь энтузіязм вырашылі накіраваць на кінутых сабачак.
Хаця не толькі на кінутых. Калі я пад’ехала да хаты ў Алешчанятах, мяне сустрэў вялікі пудзель Арні – уласны сабака гаспадароў. Руды прыгажун, адзіны ў Беларусі, пераможца шматлікіх выстаў на радзіме і за мяжой. Пастаянны герой для фотасесій з валожынскай малечай.
Інвалідны вазок для Блэйта
Астатнія гадаванцы ў Алешчанятах знаходзяцца пэўны час. У кагосьці гаспадары часта ездзяць за мяжу. Таму здаюць сабаку ў прытулак, аплаціўшы яго знаходжанне тут. А большасць сабак прывозяць валанцёры.
месца і свежага паветра сабачкам хапае.
– Колькі ў вас гадаванцаў на сёння? – пытаюся ў Ігара, гаспадара аграсядзібы.
– А хто ж іх лічыў, – адказвае мужчына.
І мы ідзём да сабачых вальераў, каб пералічыць усіх насельнікаў, а заадно і пазнаёміцца з кожным.
Вось аўчарка Блэйт. Ігар дапамагае сабаку падняцца. У жывёлы перабіты пазваночнік. Задняя частка зусім не слухаецца. Але ў яго моцныя пярэднія лапы і шырокія грудзі.
Для Блэйта гаспадары плануюць набыць інвалідны вазок. Такія прыстасаванні робяць у Санкт-Пецярбургу. І каштуе вазок каля 150 долараў. Задняя частка тулава сабакі-інваліда і заднія лапы замацоўваюць у вазку на колах. Такім чынам жывёла можа хадзіць і нават бегаць.
Арына з Пятнашкам.
– Калі набудзем яму вазок, баюся, што не ўгонімся за ім. Бо сабака вельмі дужы, – далучаецца да размовы школьніца Арына, дачка гаспадароў.
Дзякуючы сабакам Арына, па словах мамы, заўсёды летам мае справы. Дапамагае бацькам карміць і даглядаць жывёл. І кішэнныя грошы дзяўчынка траціць на корм для гадаванцаў.
Рэабілітацыйны цэнтр з басейнам для сабак інвалідаў – толькі мара гаспадароў. Пакуль яго ролю вельмі ўмоўна выконвае рака, што працякае побач.
Лепш пра Чуню раскажы
Гаспадар прытулку Ігар сабак любіць з дзяцінства. Ён нарадзіўся ў цэнтры Мінска. Ідучы са школы, часта прыводзіў бадзяжных сабак дадому, карміў і хаваў пад ложак ад бацькоў. Але звычайна ў той жа дзень сабаку прыходзілася зноў весці на вуліцу.
Ужо дарослым пераехаў у Берлін, дзе, па яго словах, чым толькі не займаўся. У асноўным працаваў як будаўнік. З Аленай пазнаёміўся па інтэрнэце. Прыехаў, убачыў яе і назаўтра прапанаваў замуж.
– Што ты ўсё пра нас? Ты пра Чуню раскажы, – перапыняе мужа Алена.
Чуня – яшчэ адзін сабака-інвалід. Ён невідушчы. З-за сваёй хваробы не адчувае часу сутак. Яму ўжо дванаццаць гадоў, што для сабакі нямала. Валанцёры знайшлі яго ў канаве і прывезлі сюды.
Па словах гаспадароў, Чуня бяскрыўдны. Нават суседская кошка прыходзіць у вальер паесці з яго міскі.
У вальеры.
Рычы прывезлі ў прытулак худога і недагледжанага, з пролежнямі. Але што б чалавек з ім ні рабіў, сабака заўжды ласкавы, кажа Ігар.
А як рэагуюць суседзі на такі занятак Алены і Ігара? Мясцовыя жыхары – сям’я пенсіянераў – не крыўдзяцца. Бабуля-суседка нават дае малако ад сваёй каровы.
– Ёсць, канешне, незадаволеныя дачнікі, – дзеліцца Ігар. Яны прыязджаюць з горада і хочуць спаць да абеду. А сабакі каля шасці раніцы пачынаюць гучным лаем прасіць сняданак. Але на што тут крыўдзіцца? У вёсцы ўсе падымаюцца рана. Хочаце паспаць – купляйце домік у дачным кааператыве.
Лекса, Марта, Свара і Рэй… Міхалыч
Рэя Міхалыча валанцёры прывезлі з абрыўкам ланцуга. Чаму Міхалыч? Проста Рэяў у нас ужо шмат было, кажуць гаспадары. Клічуць так, каб адрозніць ад ранейшых.
Шмат кінутых сабак цяпер у Мінску. Тут зносяць прыватныя сектары. Многія гаспадары або проста адпускаюць сабаку, або пакідаюць навязанай на ланцугу ля будкі.
Калі жывёла дужая, яна адрывае ланцуг. Калі ж не хапае сіл, можа загінуць. Гаспадары не хаваюць: першапачаткова з Рэем было цяжка. Прыехаў ён сюды сапраўдным агрэсарам. І нават пакусаў Ігара. Але пад чулым наглядам гаспадароў і ў выніку “прафілактычных гутарак” стаў “добрым хлопцам”.
Сабак тут не трымаюць на ланцугу.
Дзве сястрычкі Лекса і Марта трапілі ў прытулак шчанюкамі. Марту хутка ўладкавалі. Лекса ж чакае гаспадароў.
Алена з Ігарам і валанцёры часта бываюць у пункце ўтрымання сабак у Мінску. Па сваім пашпарце жывёл адсюль можна забіраць. Адтуль у прытулак трапіла Свара. Хутка яе забіраюць у Саратаў.
Куды едуць і ляцяць сабакі з Алешчанятаў
Расія – гэта не самая далёкая краіна, куды з’язджаюць на ПМЖ сабачкі з Валожыншчыны. Аднаго прыстроілі ў Польшчу ў сям’ю дыпламата, другога – у Галандыю.
Хутка развітаецца з Алешчанятамі Тобі. Жанчына з Бостана, фінансавы куратар, аплачвала яго знаходжанне ў прытулку і хутка забярэ сабаку сабе. Таму Тобі ўжо называюць амерыканцам.
У адносінах да бадзяжных жывёл мы дзікуны, – перакананая Алена. – За мяжой жывёл не пазбаўляюць жыцця толькі затое, што яны бяздомныя.
Так, колькасць скарачаюць. Толькі сабак не забіваюць, а стэрылізуюць.
Эсэмэска “забярыце яго!” ад новага гаспадара
Па словах гаспадароў, забіраюць сабак з прытулку абсалютна розныя людзі. Нельга намаляваць тыповы партрэт. Гэта можа быць і адстаўны вайсковец, і сям’я з малымі дзецьмі.
Аддаюць гадаванцаў бясплатна, з усімі прышчэпкамі і пашпартамі. Праўда, за лёсам забраных сабак Крэйнісы сочаць. Час ад часу просяць у новых гаспадароў дасылаць фотаздымкі жывёл у новым доме.
Аднак не заўсёды спробы ўзяць сабаку з прытулку заканчваюцца добра. Быў выпадак, калі мужчына днём узяў сабаку, а ў чатыры гадзіны раніцы даслаў смс “забярыце яго”.
Самаробны павадок.
Новы гаспадар сам быў вінаваты, распавядае Алена. Мы заўсёды папярэджваем, каб ні ў якім разе сабаку не садзілі на ланцуг. Мужчына не паслухаўся.
У выніку ноччу сабака справіў такі вой, што пабудзіў усіх далёкіх і блізкіх суседзяў. Калі ў новых гаспадароў нешта не складзецца, прытулак заўсёды забірае сабак назад.
– Вельмі просім, каб хаця не білі і не выкідалі на вуліцу, – кажа Алена.
Аўсянка, макароны, кілбаса – усяго па кілаграму
Машына ў гаспадароў прытулку вялікая – каб улазілі сабачкі. У халадзільніку – вакцыны, сродкі для апрацоўкі поўсці і ежа для сабак.
Каб накарміць адзін раз усіх гадаванцаў, Алена варыць кілаграм макароны, кілаграм аўсянкі і кілаграм сабачай кілбасы. А кормяць сабак два разы на дзень. Курыцу не даюць: лічаць, шмат у ёй хіміі.
Сухі корм гаспадары крыху дадаюць у ежу, каб траплялі вітаміны.
– У нашай сітуацыі адзін сухі корм – не выйсце, – кажа Ігар.
Па-першае, дорага. Можна браць і таннейшы, але тады ўвогуле сэнсу ніякага: пасля яго сабакі застаюцца галоднымі.
Па-другое, не ўсе сабакі, што трапляюць у прытулак, ведаюць, што рабіць з сухім кормам. Яны ніколі не елі такога, таму ў лепшым выпадку пачынаюць з ім гуляць.
Мара гаспадароў прытулку пакуль не спраўдзілася
Утрымліваюць прытулак за грошы валанцёраў, а таксама гаспадароў, што здаюць сюды сваіх гадаванцаў на час камандзіровак і паездак. Пры гэтым, кошт для валанцёраў значна ніжэйшы, чым для гаспадарскіх сабак.
Некаторых жывёл, звычайна самых хворых і няшчасных, утрымліваюць людзі з-за мяжы. Яны называюцца фінансавымі куратарамі.
Па словах Алены, дапамагаюць знаёмыя і незнаёмыя людзі, прывозяць крупы, сухі корм. Неяк патэлефанавалі мінскія эмэнэснікі, у якіх пасля вучэнняў засталіся прадукты, прапанавалі забраць усё для сабак.
Павадкі для гадаванцаў у прытулку робіць сама Алена з тоўстай вяроўкі – такі зручны і бюджэтны варыянт.
У маі ў прытулку здарылася няшчасце – згарэла лазня і дом гаспадароў. Алена з Ігарам жылі ў машыне, бо не маглі кінуць жывёл. Дом ужо адбудавалі. Праўда, засталіся без лазні. Але галоўнае – ні адзін сабака не пацярпеў.
У Алены Крэйніс ёсць мара, якая яшчэ не здзейснілася. А марыць жанчына пра тое, што аднойчы ўсе клеткі ў прытулку будуць пустымі.
Фота аўтара.