Часам усё ж карысна пакідаць свой маленькі свет, дзе самая вялікая праблема заключаецца ў тым, што адключылі гарачую ваду або што чайнік на пліце доўга закіпае, а ўжо госці на парозе.

І выходзіць у вялікі свет, дзе на суседняй вуліцы жывуць людзі, у якіх увогуле санвузла ў доме не прадугледжана. Дзе няма балконаў, каб развесіць бялізну, таму ёсць рызыка прынесці на прасціне з двара яшчэ і парачку кляшчоў.

А прыбіральня, тая самая “зручнасць”, якой хваліўся Цімох з фільма “Белыя росы”, памятаеце?

– Па малой патрэбе на вуліцу выходзіць не трэба…

А вось жыхарам дома №10 па вуліцы Маркава трэба. А калі ўлічыць, што ў гэтым старым доме жывуць бабулі, якім даўно за 90, то ўявіце, у які фільм жахаў ператвараецца звычайны артыкул.

Нашымі суразмоўцамі сталі жыхаркі дома Марыя Міхайлаўна і Фаіна Аляксандраўна.

Жывуць яны тут не ад самага першага дня, кватэру набылі пазней.

Расказвае Марыя Міхайлаўна:

– Я жыла ў Нясвіжы ў сваім доме. Муж памёр, засталася адна. А тут у Маладзечне сёстры, дзеці, таму мяне ўкінулі ў машыну, як ката, і прывезлі сюды, быццам у вулей.

Пакойчыкі ў доме маленькія, 18 метраў. Вокнаў на кухні няма. Гарачай вады няма таксама. Зімой, расказваюць, сцены пакрываюцца цвіллю.

Цяпер жыхары дабіваюцца, каб ім правялі ў кватэру газ.

– Гэта ж страшна падумаць, газавая пліта стаіць, а побач газавы балон. Не дай бог што, дом узляціць у паветра. 

Свой дом па вуліцы Маркава жыхары любяць не асабліва, жывуць, бо тут танна наймаць жыццё, танна было купіць кватэру. Затое пад’езды любяць каты і бамжы.

– Пастаянна на прыступках нехта спіць: ці кот, ці бомж.

А дамафон на васьмікватэрны пад’езд паставіць дорага. Ды яшчэ ў першым пад’ездзе ў дзвюх кватэрах ніхто не жыве.

Асаблівая тэма – гэта прыбіральня на вуліцы.

Кватарант, што наймаў тут кватэру, прызнаваўся, што ўнітаз урэзалі прама ў дажджавы сцёк.

Ад таго, што да прыбіральні трэба ісці праз увесь двор, пакутуюць і жыхары дома, і жыхары суседніх дамоў. Бо жыхары шматпавярховак, што месцяцца побач, улетку не могуць адчыніць вокны – разам з летнім ветрам у кватэру далятаюць пахі той прыбіральні.

Віталь, хлопец-кватарант, расказваў, што кватэру тут наймаў, бо было танна.

– Што сказаць пра дом, звычайны часовы пасляваенны барак. ­Адзінае пра што шкадую, што не ўзяў сабе газет 40-х гадоў, якія захоў­валіся ў гаспадыні ў шафе. А гаспадыню звалі Сталіна Аляксандраўна.

Начальнік ЖРЭУ наконт чысціні ­­ў прыбіральні: “Некаторыя проста не даходзяць да яе”

На заўвагі жыхароў дома па вуліцы Маркава, 10 адказаў начальнік ЖРЭУ №3 Маладзечна Сяргей Аноп.

– Для таго, каб вырашаць праблему з цвіллю, у першую чаргу трэба вызначыць прычыну яе з’яўлення, – тлумачыць спецыяліст. – Жыхарам дома трэба звярнуцца ў ЖРЭУ, каб нашы спецыялісты прыехалі на месца і разабраліся. У 70% выпадкаў прычынай з’яўляецца тое, што жыхары самі не выконваюць тэмпературны рэжым, не падтрымліваюць мікраклімат у кватэры.

Начальнік ЖРЭУ №3 адзначыў, што ўборкай прыбіральні, якая знаходзіцца на вуліцы, займаецца спецыяліст з камунальнай службы, пры гэтым выкарыстоўвае дэзінфікуючыя сродкі,  хлорныя растворы.

– Аднак трэба адзначыць, што некаторыя жыхары нядбайна адносяцца да чысціні ў прыбіральні, – расказвае спецыяліст. – Некаторыя проста не даходзяць да яе, спраўляюць патрэбу каля яе. Таму прыбіральшчыкам даводзіцца наводзіць парадак і каля прыбіральні.

Сяргей Аляксандравіч патлумачыў жыхарам і прынцып устаноўкі дамафонаў у доме.

– Напачатку неабходна, каб жыхары дома дамовіліся паміж сабой, ці патрэбны ім дамафон, бо гэта будзе каштаваць грошай, – адзначае спе­цыяліст. – Звярнуліся ў арганізацыю, якая займаецца ўстаноўкай, даведаліся цэны, затым сабралі грошы з усіх жыхароў. Пасля заключаецца дамова з арганізацыяй і ўстанаўліваецца дамафон. Па такім прынцыпе дамафоны ўстанаўлівалі ва ўсіх дамах Маладзечна.

Наконт гарачай вады спецыяліст адказаў, што па праекце яна не прадугледжаная. Каб вырашыць праблему, жыхарам трэба звярнуцца да мясцовых органаў улады.