На чарговым судовым пасяджэнні па справе загінулай школьніцы сёння выслухалі абаронцаў, абвінаваўцу, далі апошняе слова настаўніцам.

Абвінаваўца: трагедыі не прадбачылі, аднак з-за няўважлівасці настаўнікаў яна адбылася

Абвінаваўца Вікторыя Паляшчук звярнула ўвагу суда на тое, што настаўніцы не забяспечылі бяспеку жыцця і здароўя дзяцей пасля працы на полі. Папчэня была без нагляду. Збітую дзяўчынку настаўнікі заўважылі толькі пасля таго, як пачулі крыкі дзяцей.

Па словах пракурора, настаўнікі не расказалі дзецям, як трэба рухацца па полі. Не сабралі 19 чалавек у арганізаваную групу і не суправаджалі яе па дарозе да аўтобуса. Дзеці расцягнуліся: адны ўжо чакалі на дарозе аўтобус, другія ішлі па полі, трэція збіралі бульбу.

Пракурор лічыць, што ўборка ўраджаю была ў рамках адукацыйнага працэсу, бо ўключаная ў план школы.

Вікторыя Паляшук перакананая ў вінаватасці падсудных. Трагедыі яны не жадалі і не прадбачылі, аднак з-за іх няўважлівасці яна адбылася.

Пракурор папрасіла для кожнай штраф 100 базавых велічынь (2300 рублёў), забарону на два гады працаваць педагогамі і тэрмін два гады, не звязаны з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу.

Абаронца Ірыны Апанасевіч: загад пра накіраванне на бульбу настаўніца ўбачыла пасля трагедыі

Адвакат Пучынская адзначыла, што ніякіх пісьмовых дакументаў па адпраўцы на бульбу намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце 11 школы Дзяніс Курэц настаўнікам не даваў.

Усе дзеці працавалі пад наглядам настаўнікаў. З-за размоў і шума не пачулі, што едзе МАЗ.

Загад пра адпраўку на бульбу настаўнікі пабачылі ўжо пасля трагедыі. Ніякіх інструкцый педагогам не даводзілі. Аднак і ў інструкцыях няма дакладных алгарытмаў пра тое, як трэба рухацца дзецям па полі.

Акцыя, верагодна, была не ў межах адукацыйнага працэсу. Гэта хутчэй працоўнае выхаванне.

– Добра цяпер у якасці сведак даваць паказанні пра тое, што ў школы не было часу добра падрыхтавацца да акцыі, – адзначыла абаронца.

Сапраўды ні пра пісьмовыя дазволы бацькоў, ні пра даведкі доктара не варта і гаварыць. Гэта ўсё, на думку абаронцы, не паспелі б зрабіць за адзін дзень.

Абаронца папрасіла не пазбаўляць Апанасевіч волі і працоўнага месца.

Абаронца Вольгі Завацкай: прашу суд аб апраўданні. Вінаватыя іншыя

Хоць Вольга Завацкая і прызнала віну, пракурор Кашкан лічыць, што настаўніцу павінны апраўдаць. Па словах абаронцы, абавязкі па суправаджэнні дзяцей на Завацкую ўсклалі незаконна, і гэтыя абавязкі не насілі службовы характар.

Кашкан заўважыла, што паказанні сведкі Дзяніса Курца супярэчлівыя. Спачатку ён кажа, што акцыя была запланаваная. А потым адзначае, што ў школы не было часу падрыхтавацца да яе. Таму ў абаронцы ёсць сумненне, ці была запланавана такая акцыя ўвогуле. Хутчэй за ўсё, распаражэнне маладзечанскага аддзела адукацыі спорту і турызму 28 верасня 2016 года было для школы поўнай нечаканасцю.

А паколькі гэта не адукацыйны працэс, то і настаўнікі выконвалі абавязкі не ў рамках службовай дзейнасці.

Па словах абаронцы, у працэсе крымінальнай справы ўстанавілі шэраг іншых фактараў, з-за якіх адбылася трагедыя. І вінаватыя ў гэтым іншыя людзі. Гэта кіроўца Павел Цыбін, які мог пераканацца ў тым, што дзяўчынка ідзе па полі, але не зрабіў так.

Гэта, на думку Кашкан, аддзел адукацыі, які не даў школе часу і магчымасці для падрыхтоўкі. Гэта кіраўнікі школы, якія не пракантралявалі ўзрост вучняў і стан іх здароўя.

За збор дзяцей на бульбу адказваў Дзяніс Курэц. А настаўнікі, адзначыла абаронца, не сумняваліся ў законнасці яго дзейнасці. Таму думалі, што едуць на поле з 14-гадовымі дзецьмі без праблем са слыхам.

У апошнім слове настаўнікі сказалі, што цэлы год цяжка перажываюць трагедыю з дзяўчынкай, спачуваюць яе родным. Папрасілі суд вынесці справядлівае рашэнне.