У танцавальным марафоне, спаборніцтвах па спартыўных гульнях і стральбе, экскурсіях па Ільяншчыне і майстар-класах паўдзельнічалі вучні, якія наведвалі лагер “Ільянскія вандроўнікі” на базе мясцовай школы.

Выхаванцы лагера былі ў басейне, у вілейскай выратавальнай станцыі. Наведалі з экскурсіямі  ўчастковую бальніцу і пажарную часць №14 у Ільі. Выратавальнікі дазволілі ім залезці ў пажарную машыну і прымераць адзенне, у якім яны працуюць на пажары.

Конкурс Меткі снайпер.

 Наведаўшы школьныя народныя музеі “Ільянскія далягляды”, “Вілейшчына літаратурная” і здзейсніўшы падарожжа “Культавыя святыні Ільяншчыны”, дзеці далучыліся да краязнаўства.

Прадэманстраваць свае творчыя таленты змаглі ў інтэрактыўных конкурсах “SOS” – складанне кнігі-скаргі прыроды”, “Мінута славы”, “Бяспечнае лета”, конкурсах малюнкаў на тэмы “Наш падарунак Перамозе”, “Ілюстрацыя да любімай казкі”, “Мой родны кут …”, “Прафесія – выратавальнік”.

А для тых, хто хацеў паспрабаваць сябе ў ткацтве, запрасілі майстроў з Дома рамёстваў у Ізбіно.

Атрад у лагеры выпускаў газеты, плакаты, калажы на тэмы “Моладзь – за здаровы лад жыцця”, “Зберажом Зямлю сваімі рукамі”, “Сямейны партрэт”, “Дзякуй за жыццё”.

Кожнае лета ў Ілью прыязджаюць супрацоўнікі Вілейскай РАС ДТСААФ. Школа ўдзячная старшыні арганізацыі Васілію Гулецкаму і  спецыялісту па ідэалагічнай рабоце Зінаідзе Гулецкай.

У ветэрынарнай станцыі.

Яны разам з педагогамі зладзілі ў лагеры сумеснае спартыўна-патрыятычнае мерапрыемства “Гонар. Доблесць. Айчына”, конкурс па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі “Меткі снайпер”, навучанне зборцы і разборцы аўтамата.

Яны таксама арганізавалі падарожжа ў вайсковую часць расійскага ваенна-марскога флоту “Антэй”.  Тут выхаванцы наведалі музеі, казармы, пажарную часць, самі змаглі паўдзельнічаць у “тушэнні” пажару.

На вучэбнай ферме.

У цэнтры верхавой язды ў Старынках Алена Волкава паказала дзецям коней розных парод, расказала, як даглядаць за імі. Самыя смелыя змаглі пакатацца вярхом.

Выхаванцы лагера ўдзельнічалі ў экалагічных дэсантах “Зялёная хваля”, “Экалагічны пост”, працоўных акцыях  “Абеліск”,  “Клопат”, “Добрае сэрца”, “Чысты школьны двор”, “Зялёная планета”.

Падчас майстар-класа ад дома рамёстваў.

Падчас сустрэчы з журналісткай і паэткай Аксанай Ярашонак выхаванцы пачулі вершы і песні на беларускай мове. Аксана расказала пра сваю журналісцкую дзейнасць.

Нас захапіў аповед пра прытулак для жывёл на Валожыншчыне, пра сустрэчы землякоў вёскі Будзішча. Аксана Ярашонак расказала аб праектах  “Рэгіянальнай газеты”, запрасіла  паўдзельнічаць у іх.

Штодня ладзілі інфармацыйныя хвілінкі.

У аздараўленчым лагеры мы маем свае грашовыя адзінкі  – “ільяшы”  наміналам 5, 10, 20, 50 і 100.

У басейне.

За кожны дзень у лагеры выхаванцам налічваюць пэўную суму “ільяшоў”  за працу, спорт, грамадскую дзейнасць.

А за дрэнныя паводзіны, нецэнзурную лексіку, бойку, абразлівыя адносіны да іншых выхаванцаў дзеці плацяць штраф.

У апошні дзень лагера зладзілі кірмаш, дзе выхаванцы набылі за “ільяшы” пэўныя канцылярскія прылады, сувеніры і іншыя патрэбныя рэчы.