Моладзевы летнік “Вывучай. Дзейнічай. Падзяліся” па тэматыцы процідзеяння гандлю людзьмі адкрыўся на Валожыншчыне ў Ракаве.

Тэматыка летніка прысвечана Сусветнаму дню барацьбы з гандлем людзьмі, які штогод адзначаюць 30 ліпеня. Летнік “Вывучай. Дзейнічай. Падзяліся” – працяг кампаніі Міжнароднай арганізацыі па міграцыі “Спыні гандаль людзьмі”, якую запусцілі ў рэспубліцы ў мінулым годзе.

Дарэчы, Беларусь стала першай краінай у рэгіёне Усходняй Еўропы, якая далучылася да гэтай інфармацыйнай кампаніі.

Па словах арганізатараў, сёння ў 15:00 урачыста адкрылі лагер. У адкрыцці летніка ўдзельнічалі прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, ЮНЭЙДС, ЮНІСЕФ, ПРААН, а таксама іншых агенцтваў ААН, Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).

На працягу пяці дзён удзельнікі лагера будуць абмяркоўваць з экспертамі пытанні бяспечнай міграцыі, процідзеяння гандлю людзьмі, гендэрнай роўнасці, хатняга гвалту, прафілактыкі ВІЧ/ СНІДу інш.

Мэта лагера – навучанне маладых людзей, каб яны змаглі пасля ўдзельнічаць у якасці валанцёраў або арганізатараў мерапрыемстваў, навучаючы і далучаючы да грамадскай працы сваіх аднагодкаў.

Мерапрыемства арганізавана прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі сумесна з Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам унутраных спраў пры падтрымцы прадстаўніцтваў ПРААН.

Удзельнікі – актыўныя маладыя людзі, абраныя спецыяльнай камісіяй на конкурснай аснове.