Каб зрабіць пудзіла, мужчыны бяруць стары жончын халат і хустку, надзяваюць усё гэта на доўгі калок, прымацоўваюць што-небудзь замест твара і – свойская птушка ды салодкія клубніцы ў бяспецы.
Часта пудзілы маюць імёны. Іх называюць Зінка або Ірка. У залежнасці ад таго, як завуць жонку, чыё адзенне муж узяў для пудзіла.
Таццяна адрозніваецца ад сваіх “калег”. На доўгім калку над адным з ільянскіх двароў яна горда ўзвышаецца ў чырвоных штанах, у кашулі і пірацкім капелюшы.
Галаўны ўбор старыя гаспадары ўзялі ад карнавальнага касцюма малодшага сына.
Спачатку Таццяна стаяла ў іншым двары і ратавала клубніцы ад птушак. Пасля сезон клубніц скончыўся. Пудзіла змяніла месца дыслакацыі і працы. Цяпер вартуе ад каршуна курэй у іншых гаспадароў.
Таццянай яе назвалі ў гонар старой гаспадыні.
Раней, калі суседская бабуля праходзіла каля пудзіла, заўсёды казала “добры дзень”. Цяпер вітацца перастала, бо пудзіла не адказвае.