–  Беларусь можа пракарміць 20 мільёнаў чалавек, – заявіў Лукашэнка. – А самая галоўная наша задача, якую не мы, дык нашыя дзеці павінны вырашыць, – 15 мільёнаў насельніцтва. Гэта эканамічная бяспека нашай краіны, моц нашай дзяржавы, а яна заўсёды ў людзях.

Каб павялічыць колкасць насельніцтва, Лукашэнка паставіў ураду і мясцовым органам улады задачы стварыць умовы для стымуляваньня нараджальнасці, забяспечыць людзей працай  і падвысіць дабрабыт людзей.

За кошт каго расце насельніцтва Беларусі

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі ў апошнія гады была станоўчая дынаміка прыросту насельніцтва. Паводле абсалютных лічбаў, гэта сапраўды так: да 2014 году колькасць насельніцтва падала, пасля стала паволі расці.

Калі на пачатак 1996 года ў Беларусі налічылі 10 мільёнаў 177 тысяч чалавек, то да 2014 года яна зменшылася на 713 тысяч, потым да пачатку 2017-га вырасла на 41 тысячу – да 9 мільёнаў 505 тысяч чалавек.

Але прырост адбываецца не за кошт беларусаў – натуральнае скарачэнне насельніцтва ў Беларусі змяншаецца, але амаль не спыняецца. Нараджаецца меней людзей, чым памірае, але калі на піку ў 2002 годзе Беларусь страціла натуральным чынам 57,9 тысячы чалавек, то за 2016 год толькі 1,6 тысячы.

Прырост адбываецца коштам міграцыі. Так, у 2016 годзе з Беларусі з’ехалі 13 098 чалавек, а прыехалі 21 038 чалавек. Звестак пра грамадзянства мігрантаў за 2016 год няма, але ў ранейшыя гады дамінавалі расейцы.

У 2010–2014 гады ў Беларусь штогод прыяжджала звыш 9 тысяч расейцаў штогод, у 2015-м прыехала толькі 7,8 тысячы. На другім месцы за расейцамі былі ўкраінцы, якіх у 2010–2013 гадах прыяжджала па 2–2,6 тысячы. Але пасля пачатку канфлікту на Данбасе ў 2014 годзе прыехала 6,3 тысячы, у 2015-м – 10,5 тысячы.

Таксама ў 2014/2015 годзе вырасла колькасьць кітайцаў, што прыяжджаюць у Беларусь: да таго іх прыяжджала каля 100-200 чалавек, у 2014 годзе прыехала 465, у 2015-м – 1310. Паступова большае мігрантаў з Казахстану і Туркменістану, у 2015 годзе іх было 1,6 і 1,3 тысячы адпаведна. На год у Беларусь прыяжджае ад пяцісот да тысячы літоўцаў, дзьве-тры сотні палякаў, латвійцаў, грузінаў, азербайджанцаў, немцаў, амерыканцаў і іншых.