У 2017/2018 навучальным годзе па абноўленай праграме будуць навучацца ўжо вучні сёмых класаў. А вучэбныя праграмы пераходнага перыяду (скарэктаваныя праграмы 2012 года) будуць дзейнічаць да таго часу, пакуль пяцікласнікі ўзору 2015 года не закончаць базавую школу.

У вучэбныя праграмы для V—VІ класаў унеслі нязначныя карэкціроўкі. Так, творы, якія раней былі ў спісе «Для чытання і абмеркавання» перанесеныя ў спіс для дадатковага чытання.

Каб паменшыць нагрузку, скарацілі колькасць твораў для абавязковага чытання. У V класе ўжо не будуць вывучаць вершы Яўгена Крупенькі «Ёсць у кожнага з нас…», Анатоля Грачанікава «Як ападае ліст…», Рыгора Барадуліна «Бацьку». Гэты верш перанеслі з шостага класа ў адзінаццаты.

Цяпер на ўроках літаратуры не будуць вывучаць Біблію. Вучні пазнаёмяцца з ёй на прадмеце «Мастацтва».

Каб паменшыць нагрузку ў сёмым класе, вялікая па памеры аповесць Янкі Брыля «Сірочы хлеб» перанесена ў спіс для дадатковага чытання. У класе будуць вывучаць толькі ўрывак з яе. Не вывучаюцца творы Васіля Зуёнка «Я са шляхоў далёкіх…», Рыгора  Барадуліна «Мы – беларусы… Але ўключылі вершы Максіма Танка «Паэзія», Еўдакіі Лось «Дзяўчаты мінулай вайны» і інш.