У рэдакцыю патэлефанавалі жыхары вуліцы Міру, дзе на вачах у дзяцей адлаўлівалі катоў.

Разам з бадзяжнымі катамі прадстаўнікі ЖЭУ забралі і пародзістых катоў, якіх выпускаюць у двор выключна ў ашыйніках.

Дзяўчынка бачыла, як схапілі яе пародзістую котку. 

Расказваюць дарослыя:

— Дзяўчынка выйшла разам з катом на прагулку, тут прыехала служба адлову. Налілі валяр’янкі, каты збегліся. На просьбы дзяцей пакінуць жывёл у спакоі, «адлоўшчыкі» сказалі: у горадзе шаленства, карантын. 

Машына з’ехала. Дзеці ў істэрыцы засталіся сядзець у двары.

Мы патэлефанавалі адлоўшчыку жывёл Анатолю, які разам з прадстаўніцай ЖЭУ, майстрам Ліліяй Бельскай ездзіў у гэты рэйд:

 — Мы не забіралі катоў у ашыйніках! І пра гэтую сітуацыю мы ведаем. Дзіця расплакалася з-за таго, што ёй стала шкада іншых катоў. А яе коціка яна забрала дамоў. Адлоў забірае толькі катоў, якія выглядаюць як бадзяжныя, або якія падобныя на хворых жывёл.

Да размовы далучылася Лілія Бельская:

— Ёсць правілы ўтрымання жывёл. Жывёла хатняя павінна быць дома. Але калі кот з ашыйнікам — гэта яшчэ не гарантыя таго, што яго не адловяць. На ашыйніку павінна быць таблетка з адрасам гаспадара.Паверце, калі нам тэлефануюць бацькі і кажуць, што дзіця захварэла на лішай і паўгода не могуць вылечыць, тут ужо не да жалю да коцікаў. Тым больш у горадзе зафіксаваны выпадак шаленства праз бадзяжнага ката. 

Таму гаспадары жывёл, не выпускайце жывёл на вуліцу. Бо вярнуць іх дадому магчымасці не будзе. Маладзечанскі адлоў адразу знішчае катоў. Нават тых, хто ў ашыйніках.