Пра дзяжурства выратавальнікаў у час суботняга свята распавёў начальнік вілейскай выратавальнай станцыі Ягор Роўда.

– Было цяжка, але ўсё прайшло выдатна, – падзяліўся Ягор Аляксандравіч. – Чатыры вадалазы патрулявалі пляж. На вадзе дзяжурыў катэр з выратавальнікамі. А супрацоўнікі на гідрацыкле патрулявалі ўвесь бераг ад Чыжэўскай затокі да першага паста выратавальнай станцыі.

Людзей адклікаў з выхадных, кажа Ягор Роўда.

Сур’ёзных здарэнняў не было. Адзінае, прыйшлося гнаць з вады дваіх мужчын, якія заплылі за буйкі.

– Калі супрацоўнікі падплылі да парушальнікаў, убачылі, што тыя ў стане моцнага алкагольнага ап’янення, – прыгадвае начальнік. – А такім, як вы ведаеце, мора па калена.

Каб не здарылася бяды, выратавальнікі мусілі папрасіць парушальнікаў выйсці з вадасховішча.