На некалькі дзён пляцоўка на тэрыторыі вілейскага каледжа стала майстэрняй чатырох сталічных скульптараў. Тут пачаўся абласны пленэр.

Вялізныя куранецкія камяні праз дзён дзесяць стануць творамі мастацтва, а ў Вілейцы з’явіцца невялічкі парк скульптур.

Доўгі час я лічыла, што пленэр – форма творчасці выключна для жывапісцаў. Аднак скульптар Іван Арцімовіч, кіраўнік сёлетняга пленэру ў Вілейцы, пераканаў мяне ў адваротным.

– Пленэр – гэта любая творчасць на адкрытым паветры. А калі камяні для скульптур па паўтары-дзве тоны, то праца на пленэры – адна з самых зручных, – падзяліўся прафесійнымі назіраннямі Іван. – Вы паспрабуйце такі камень спачатку ў майстэрню занесці, а потым гатовы твор даставіць на месца ўстаноўкі.

Частка будучай скульптуры.

Частка будучай скульптуры.

Пленэры скульптараў, расказаў Іван, для Беларусі з’ява ўжо не новая. Яна мае месца з канца 1980-ых. У Еўропе пленэрны рух пачаўся раней – у 1950-ыя.

Нядрэнна, на думку Івана, адбыўся леташні пленэр у Маладзечне. Кажа, і ўмовы былі добрыя, і ганарары нядрэнныя. Хаця з еўрапейскімі не параўнаць.

На пленэр едзем не дзеля ганарараў

Скульптар Арцём Мядзведзеў, якога я заспела на пляцоўцы разам з Іванам, распавёў, што іх еўрапейскія калегі за пленэрную скульптуру могуць атрымаць да 3 тысяч долараў.

Хаця па словах творцаў, далёка не дзеля ганарараў ездзяць яны на падобныя мерапрыемствы.

Напрыклад, Іван Арцімовіч і многія з яго калег едуць на пленэр, перш за ўсё, каб бліжэй пазнаёміцца з іншымі творцамі, назапасіць эмоцый. Каб пасля на цэлы год хапіла натхнення працаваць у майстэрні.

Да таго ж, скульптуру, лічаць творцы, мала проста зрабіць. Яе трэба неяк цікава прадставіць. Зрабіць так, каб да скульптур хадзілі людзі. Гэта яшчэ адна  з задач пленэраў.

Яшчэ дакладна невядома, дзе паставяць скульптуры сталічных майстроў. Аднак стаяць яны будуць недалёка адна ад другой. Усе творы аб’яднаныя агульнай тэмай “Вілія і яе берагі”. А значыць будуць прысвечаныя рацэ і гораду.

За працай.

За працай.

– Праца найбольш канкрэтная і звязаная з мясцовасцю ў Арцёма, – распавёў кіраўнік. – Яна прысвечаная затопленым вадасховішчам вёскам і называецца “Водазахавальнікі”.

Сваю працу “Плынь” і будучы твор Паўла Лявонава “Нявольніца прыгажосць” Іван лічыць алегарычнымі. Так, “Плынь” уяўляе сабой рачныя хвалі. А ў іх – жыццё: рыбкі і жанчына.

Па словах аўтара, жаночы вобраз –  гэта не русалка, а нехта накшталт воднага боства. У старажытных грэкаў іх называлі наядамі. У нашых продкаў таксама былі падобныя істоты. Завершыць каменны вобраз маленькі човен з фігуркай чалавека ўверсе на скульптуры.

Аляксандр Сакалоў прысвеціць свой твор сям’і.

А скульптараў у Беларусі не так і шмат

Як вывучалі скульптары гісторыю горада, дзе будуць працаваць? Вывучалі сур’ёзна. Мінаблвыканкам для гэтай мэты даў творцам кнігу “Памяць”.

Усе майстры – выкладчыкі скульптуры. Арцём Мядзведезеў працуе ў сталічнай акадэміі мастацтваў, астатнія – у сярэд

Будучая скульптура Плынь Івана Арцімовіча.

Будучая скульптура Плынь Івана Арцімовіча.

Пытаюся, ці ведалі творцы адзін аднаго раней, да пленэра.

– Канешне! – кажа Іван. – Мы, беларускія скульптары, усе адзін аднаго ведаем.

Аказалася, што скульптараў, якія сёння актыўна ствараюць, у Беларусі няшмат. Па словах Івана, іх каля 70 на ўсю краіну.

Як Куранец стаў часткай сямейнай гісторыі Арцімовічаў

Карані Івана Арцімовіча, кіраўніка пленэру і майго асноўнага субяседніка, з Куранца. Тут нарадзіўся яго бацька, вядомы беларусі скульптар, Анатоль Арцімовіч.

Калі я даведалася пра гэта, адразу захацелася распытаць Івана пра дзіцячыя ўспаміны, звязаныя з Куранцом, пра школьныя канікулы, праведзеныя тут у бабулі. Але чакала мяне зусім іншая гісторыя. Аказваецца, на Вілейшчыне майстар упершыню.

Бацька Івана сапраўды нарадзіўся ў Куранцы перад самай вайной. І з яе пачаткам разам з маці, бабуляй Івана, з’ехаў у эвакуацыю ў Расію. А дзед Яфім застаўся.

Ён быў буйным партыйным работнікам ў Вілейскай вобласці, якая тады існавала. У 1943 годзе дзеда забілі за ўдзел у падполлі. Адбылося гэта, верагодна, у Куранцы. Тут дзед і пахаваны.

На працоўнай пляцоўцы.

На працоўнай пляцоўцы.

Бабуля з сынам Анатолем у Куранец пасля вайны не вярнулася. З эвакуацыі адразу падаліся на Чэрвеншчыну. А Куранец і Вілейка засталіся ў сямейнай гісторыі.

Часу на стварэнне скульптур, па словах майстроў, крытычна мала. І сапраўды, пакуль каменныя глыбы на тэрыторыі каледжа мала падобныя да мастацкіх твораў.

 І ўсё ж майстры запэўнілі, што абавязкова паспеюць да 26 жніўня – дня заканчэння пленэру.