Скульптуры сталічных майстроў, якія працуюць у Вілейцы ў рамках абласнога пленэру скульптараў, установяць у гарадскім парку, распавялі ў аддзеле культуры, ідэалагічнай працы і па справах моладзі Вілейскага райвыканкама.

Мы звязаліся са скульптарам Іванам Арцімовічам. Ён лічыць, што скульптуры ў парку – найлепшы варыянт з магчымых.

– Сярод варыянтаў, які нам прапанавалі, парк падыходзіць найбольш, – кажа скульптар. – Тут кожнай скульптуры можна стварыць камерную, адасобленую прастору. І ў той жа час атрымаецца пабудаваць агульную экспазіцыю ўздоўж сцяжынак, якія вядуць да ракі.

Па словах Івана, была яшчэ прапанова паставіць скульптуры на ўзбярэжжы Віліі. Аднак там вельмі вялікая і пакуль недобраўпарадкаваная прастора, кажа творца.

Новыя творы з камянёў установяць недалёка ад скульптуры маці з дзецьмі. Такім чынам, утворыцца своеасаблівая алея скульптур.

На сённяшні дзень сталічныя творцы зрабілі асноўную частку працы. Ад пачатку тыдня ў парку пачнуць заліваць падмуркі пад новыя скульптуры.