– Вось тваё марожане! Смачна есці! – і дзяўчынка-прадавец з усмешкай працягвае хлопчыку ражок з салодкімі халоднымі шырыкамі.

Сабіна Аліева жыве ў Мясаце. Кожную раніцу яна ідзе на электрычку і едзе на працу ў Маладзечна. Напэўна, так робяць многія дарослыя вяскоўцы.

Але Сабіна – яшчэ школьніца. Сёлета яна скончыла дзевяць класаў красненскай сярэдняй школы. Атрымала пасведчанне з адзнакай і адразу пасля экзаменаў уладкавалася на працу.

 У шматдзетнай сям’і падпрацоўвалі ўсе дзеці

Ужо другі месяц дзяўчынка працуе ў прыватнага прадпрымальніка: прадае марожанае ля аднаго з буйных гандлёвых цэнтраў у Маладзечне. Гэта яе першы працоўны досвед. Кажа, спачатку шукала падпрацоўку па аб’явах, а потым дапамаглі сваякі.

У Сабіны тата азербайджанец. Адсюль не зусім звыклае для нашай мясцовасці імя і прозвішча маёй субяседніцы. І яркая знешнасць таксама.

У сваёй сям’і Сабіна – чацвёртае дзіцё. Яна – самая малодшая. Кажа, што ў сям’і так заведзена: летам усе дзеці падпрацоўвалі. Але Сабіну мама асабліва не хацела адпускаць на працу.

– Мяне і так ніколі дома няма, – распавядае дзяўчынка. – Я – актывістка, супрацоўнічаю з рознымі арганізацыямі, шмат у чым удзельнічаю. Са школы ў навучальным годзе часта прыязджаю позна ўвечары.

Аднак Сабіна ўпэўніла маму, што праца ёй патрэбная. Так і дзяўчынка будзе мець справу, і сям’і – нейкая дапамога.

Грошы – на адзенне, падарункі, школу

Заробак Сабіна атрымлівае кожны тыдзень. Памерамі яго задаволеная. Калі добрая выручка, за тыдзень зарабляе 70 рублёў.  Нават не за тыдзень, а за пяць дзён. Бо мае два абавязковых выхадных.

Грошай хапае, каб і набыць нешта, і адкласці да новага навучальнага года. Летам у сям’і было шмат урачыстых падзей, таму значная частка заробку пайшла на падарункі.

Віншавала бацькоў з гадавінай вяселля, брата – з днём нараджэння. На вяселлі ў сястры дапамагала сведцы. А гэта таксама патрабуе выдаткаў. Частка грошай пайшла на адзенне і іншыя дзявочыя прыемнасці.

Працаваць з грашыма Сабіне не цяжка. Яе мама ўсё жыццё працуе ў гандлі. А дачка з дзяцінства побач з ёй.

Працоўны дзень Сабіны – ад дзесяці раніцы да сямі вечара. Аднак на працоўнае месца заўсёды прыязджае раней.

Нягледзячы на тое, што на канікулах можна спаць да абеду, дзяўчына падымаецца а палове восьмой, хуценька збіраецца. І ў 8:53 электрычка ўжо вязе яе ў Маладзечна.

Сама Сабіна марожанае любіць. Асабліва чарнічнае з ёгуртам.

Сама Сабіна марожанае любіць. Асабліва чарнічнае з ёгуртам.

– Цяжка меркаваць з раніцы, якая выручка будзе за дзень, – дзеліцца Сабіна. – Часам пахмурным халодным днём марожанае купляюць больш, чым гарачынёй.

“Наплывы” пакупнікоў бываюць пасля дванаццаці, калі людзі ідуць на абед, і бліжэй да шасці вечара, калі заканчваецца працоўны дзень. Часам марожанае купляюць мужчыны, якія на вуліцы чакаюць жонак з шопінгу.

Запамінаюцца незадаволеныя пакупнікі

З усяго мноства пакупнікоў, падзялілася Сабіна, надоўга запамінае тых, хто нечым незадаволены. Нехта з раздражненнем кажа, што марожанае не так аформленае, нехта злуецца, што няма пэўнага гатунку.

– Аднак нават такім пакупнікам я стараюся неяк падняць настрой, – дзеліцца маладая прадавачка, – бо марожанае – гэта ж тое, што павінна прыносіць радасць.

Падыходзяць дзеці з бацькамі. Часцей мамы і таты купляюць любімы ласунак малечы. Але здараецца і так, што пранізлівае “мамачка, купі!” бацькі не магуць задаволіць.

– Бывае, дзеці так плачуць, што проста хочацца даць ім гэтае марожанае, – распавядае дзяўчына.

На яе думку,  дзеці цяпер разумныя. На іх лепш не крычаць, не адцягваць дзіцёнака ад марожанага, а растлумачыць, што грошай няма. Што ж зробіш, час цяпер  такі, з веданнем жыцця кажа Сабіна.

І ўсё ж не гандаль, а палітыка

І ўсё ж чаму юная прыгожая дзяўчынка абрала не штодзённыя вясковыя прагулкі з сябрамі, а працу?

– А чаму вы вырашылі, што мне не хапае часу на сяброў? – задае мне Сабіна сустрэчнае пытанне. – Я ўсё паспяваю.

Па словах дзяўчыны, выхадныя яна заўсёды праводзіць з сям’ёй або сябрамі. А за час працы новыя сябры з’явіліся і ў Маладзечне. Яны кожны вечар прыходзяць правесці дзяўчыну да электрычкі.

Працаваць засталося зусім няшмат. Хутка – дзясяты клас. А праз пару год трэба выбіраць прафесію. Тут Сабіна ўжо вызначылася. І гэта будзе не гандаль.

– Хачу звязаць сваё жыццё з палітыкай, – сур’ёзна адказвае мая субяседніца. – Мяркую паступаць на факультэт міжнародных зносін.

Такі выбар – ад таго, што дзяўчына любіць вывучаць замежныя мовы, ёй падабаюцца зносны з людзьмі і падарожжы.

Фота аўтара.