Пчолы, як аказалася, яшчэ тыя  “гарачыя штучкі”. Таму што ворагаў, вос ці шэршняў, яны забіваюць так: аблепліваюць сваім гарачым цельцам ахвяру, яна і згарае.

Пчаляр Вячаслаў ведае пра жыццё пчол шмат чаго, бо ўжо больш за 15 гадоў займаецца імі.

У Вячаслава каля 30 вулляў у Подберазі, што на Валожыншчыне. Таму ў каго, як не ў яго, трэба было запытацца, як адрозніць сапраўдны мёд ад падробкі, чаму нельга верыць тым пчалярам, якія прадаюць ліпавы мёд і чаму пчолы  думаць, што людзі – гэта мядзведзі.

Першае, што трэба ведаць, што ўся гэта “замануха” на кірмашы, дзе вам прапануюць 100 гатункаў мёду – гэта чыстай вады падман.

– Вы бачылі, колькі фарбавальнікаў цяпер прадаецца ў крамах? – распавядае Вячаслаў. – Можна пафарбаваць мёд у жоўты, карычневы, чырванаваты колер. Дадаць штучных араматызатараў – вось вам і 20 новых гатункаў мёду. Але гэта ўжо будзе фікцыя, а не мёд.

У Беларусі толькі тры віды мёду.

– Гэта майскі, з большага рапсавы, летні, кветкавы і яшчэ з грэчкі. Яшчэ ёсць падзевы, з мядвянай расы. Бачылі, ліпкая такая на машынах бывае заўважная. А вось ліпавага мёду ў Беларусі амаль няма. Глядзіце. Летні медазбор доўжыцца паўтара месяца, а ліпа цвіце 9 дзён. Яго нельга адняць асобна. Мёд можа пахнуць ліпай, але ліпы ў такім мёдзе будзе каля 10%. Таму, калі вас настойліва пераконваюць у тым, што гэта чыста ліпавы мёд, верце, гэта сапраўды “ліпа”.

Мёд можа не цукравацца гадамі

Аматары мёду, бывае, скардзяцца на тое, што мёд хутка становіцца цвёрдым, або наадварот, хвалююцца, калі мёд доўгі час не цукруецца.

 – Як жа павінен паводзіць сябе сапраўдны мёд?

– Гэта залежыць і ад раслін, з якіх сабраны мёд, і ад надвор’я.

Мёд з крушыны ніколі не цукруецца.

У адной і той жа мясцовасці ў розныя гады мёд можа зацукравацца за тыдзень, а можа і не цукравацца некалькі месяцаў. Напрыклад, мёд з Налібокскай пушчы амаль ніколі не цукруецца. Не цукруецца мёд і з вёскі Беражок, што на Вілейшчыне.

А чысты мёд з верасу становіцца як кісель.

А вось праверыць, ці сапраўдны мёд, могуць толькі спецыялісты ў лабараторыі, бо ніхто дакладна не скажа, колькі ў мёдзе кветкавага пылку.

Паўлітра мёду каштуюць 6 рублёў.

Тое, што мёд – гэта крыніца вітамінаў – гэта вядома многім. Але для мяне было адкрыццё, калі Вячаслаў сказаў, што ў мёдзе няма радыяцыі, наогул.

– Праўда, нават тыя вуллі, якія знаходзяцця ў адселеная зоне ў Чарнобыле. Там збіралі мёд, у нектары радыяцыі няма. У кветках ёсць, а ў перапрацаваным пчоламі мёдзе няма.

Калі вы набываеце мёд у сотах, расказвае вопытны пчаляр, гэта зусім не значыць, што вы купляеце 100% мёд.

– Ну глядзіце, у мэтах рэкламы я прыношу на базар соты з мёдам. Вы, канешне ж, думаеце, што ён сапраўдны і адрываеце яго з рукамі. Што адбываецца насамрэч? Я стаўлю трохлітровы слоік у вулей з цукровым сіропам. Пчолы разносяць яго па сотах. Я прадаю як мёд. Але гэта не нектар, гэта проста цукровы сіроп. Таму парада ўсім, хто набывае мёд на базары, купляйце яго ў знаёмых, правераных прадаўцоў.

Пчала думае, што вы мядзведзь, таму і джаліць

Пчолы, вядома, яшчэ тыя агрэсары. Хто з нас не хадзіў з фінгалам, які паставілі пчолы. Як жа пчаляры штодзень ходзяць да вулляў?

– Вось не трэба. Паміраць ад таго, што пчала ўжаліла, для яе зусім не характэрна. Пчала джаліць, таму што бароніцца. На пасеку я хаджу толькі ў закрытым адзенні. Ёсць у мяне знаёмыя, якія хваляцца, што ходзяць на пасеку з адкрытым тварам, ну дурні, што скажаш. Пчала ж тады наадварот паводзіць сябе агрэсіўна.

Яшчэ пчолы злыя, калі дрэннае надвор’е, калі няма медазбору.

– А калі пчала залезе да вас у валасы і пачынае гусці, – расказвае Вячаслаў, – яна думае, што вы калматы мядзведзь і хоча вас прагнаць ад свайго вулля. Паспрабуйце апрануць футра і прайсціся каля вулля, на вас адразу налятуць 1000 пчол. Не любяць яны валасатых.

Яшчэ пчолы не любяць моцных пахаў: алкаголю і парфумы.

– Пагэтаму я хаджу на пасеку з голымі рукамі, якія папярэдне працёр мелісай. На валяр’янку пчолы не рэагуюць, на пах цыбулі.

А дым пчолы на ўзроўні інстынкту ўспрымаюць як пажар.

– Яны тады таксама становяцца смірнымі, набіраюць поўны зоб мёду і рыхтуюцца пакідаць вулей. З той жа прычыны рой, які выходзіць з вулля, амаль не джаліць. Бо жывот поўны мёду не дае пчале сагнуцца, каб ужаліць.

Расказваў Вячаслаў і пра тое, што пароды пчол таксама бываюць розныя.

– Рускія, башкірскія, напрыклад, яны злыя. Бо лета кароткае, яны спяшаюцца хутчэй назбіраць мёду на зіму. І вельмі злуюцца, калі ім перашкаджаюць. А вось украінскія пчолы, карпатка напрыклад, больш добрыя. Яны думаюць, што наперадзе яшчэ сезон сланечнікаў, потым грэчкі, не спяшаюцца і не нарвуюцца.

І зноў-такі, кажа спецыяліст, немагчыма прытрымлівацца толькі адной пароды пчол.

– Я калі набываю матку, каўказскую напрыклад, я саджу яе ў асобны вулей. А калі пчолы пачынаюць раіцца, яны змешваюцца і парода губляецца.

Дарэчы, адна пчала жыве прыкладна 45 сутак.

У пчол, як вядома, вельмі дакладны ўнутраны навігатар. Дастаткова пасунуць вулей на метр убок, і пчала яго ўжо не нойдзе.

Мёд да Папы

Пакуль спадар Вячаслаў расказваў пра тое, якім чынам працуе медагонка, да яго падыходзіць жанчына і купляе тры слоікі мёду.

– Яна заўсёды ў мяне бярэ мёд для памідораў, каб кансервіраваць. І на пірагі бяруць, і на масаж купляюць. Дзяўчына прыходзіла купляла мёд на маскі для твару. Казала, выходзіць танней, чым карыстацца крэмамі. За якасць свайго мёду Вячаслаў адказвае на ўсе 100 %, бо мёд з Подберазі ездзіў нават да Папы Рымскага.

Сын стрыечнай сястры маёй жонкі вучыцца ў Польшчы на ксяндза.

І яны з Польшчы гады чатыры назад ездзілі на прыём да Папы Рымскага. Сказалі, кожнаму з радзімы захапіць нешта сваё, унікальнае. Я яму даў рамку з мёдам і пяргой.

Пчолы холаду не баяцца, яны баяцца голаду

Апошні медазбор у Беларусі заканчваецца ў жніўні.

– Адцвітаюць травы,кветкі, але яшчэ цвіце асот. Гэта, бадай, апошняя кветка, з якой пчолы збіраюць мёд. У жніўні медазбору ўжо амаль няма. Пасля гэтага пчолы рыхтуюцца да зімы.

Каля 20 кілаграмаў корму пчолам у вуллях пакідаецца на зіму. Варыцца цурковы сіроп. І пчолы зімой падкормліваюцца.

– Бачыў я, як пчолы зімуюць наўпрост у адкрытым дупле. Яны не мерзнуць. У вуллі ж, акрамя сіропу, ставяцца лекі ад кляшчоў. Здавалася б, пчала маленькая, а на ёй яшчэ могуць жыць кляшчы.

– Вячаслаў, вы так усё падрабязна расказваеце, вы, напэўна, ездзіце на семінары розныя па пчалярству?

Вячаслаў адмахваецца:

– Ды не. Каб я мог на гэтыя семінары пчол сваіх паслаць, каб паслухалі, магчыма, і быў бы толк. А я ж не прыеду, не скажу ім: вось мяне навучылі, што вы павінны іначай мёд даваць. Пустое гэта.