Напярэдадні пачатку новага навучальнага года ўсе актыўна абмяркоўваюць у колькі павінны пачынацца ўрокі, што апранаць дзіцёнку ў школу і якую адзнаку яму паставіць.

Па гэтым пытанні выказваюцца ўсе: міністры і настаўнікі, бацькі і бабулі з дзядулямі. Забыліся запытацца толькі ў саміх дзяцей, як ім зручна, чаго ім хочацца.

Таму мы вырашалі пагутарыць з шасцікласніцай Аляксандрай Каваленкай і паслухаць, што самі школьнікі думаюць пра ўсе віды змяненняў, якія навіслі над іх галовамі.

– Я лічу, што аднолькавая школьная форма для ўсіх – гэта сумна. Нашмат цікавей, калі ўсе разнастайныя, не падобныя адзін да аднаго. І хочацца, каб наша школа не была падобная на гімназію.

Сама Аляксандра аддае перавагу штанам, жакетам і блузам.

– Спадніцы я не люблю.

– Чаму?

– (Пасля паўзы) Таму што.

І дадала, што у школе вельмі няўдалыя крэслы. Калгот хапае на адзін дзень, яны чапляюцца за крэслы і рвуцца. Таму ў штанах хадзіць на заняткі больш практычна.

Аднак Сашы здаецца цікавай ідэя, каб адзін клас насіў нейкі пэўны элемент аддзення, які б адрозніваў вучняў 6 “А” ад вучняў 6 “Б”.

– Каб я была дызайнерам адзення, я б свайму класу прапанавала насіць, напрыклад, камізэлькі або жакеты, каб адрознівацца ад іншых.

Цікавым элементам адзення, на думку 13-гадовага эксперта, з’яўляюцца фартухі са школьнай формы савецкіх часоў.

– Я бачыла на фотаздымку, што маміны выпускніцы ( а мама ў Сашы настаўніца) ў аднолькавых сукенках і белых фартухах. Такую б форму я таксама насіла.

– Аляксандра, з гэтага навучальнага года ўрокі будуць пачынацца а 9 гадзіне. Гэта добра?

– Я цяпер буду вучыцца ў другую змену, але лічу, што не трэба, каб урокі ў першую змену пачыналіся пазней. Таму што тады ўрокі будуць і пазней заканчвацца. А, значыць, вольнага часу будзе меней. А ўставаць у 7 раніцы можна прывыкнуць. Я прывыкла, мяне тата будзіў.

– Саша, раскажы пра свой распарадак  дня.

– Я прыходжу са школы, кідаю партфель і бягу ў музычную школу. У 18.00 вяртаюся, раблю ўрокі. Калі хапае часу, гуляю з сябрамі на вуліцы. Любімая гульня хованкі або карты. Яшчэ займаюся сучаснымі танцамі, хаджу ў школьны гурток, па су­ботах хаджу ў хор. 

– Аляксандра, як ты лічыш, які прадмет у школе непатрэбны і якога не хапае?

– Лішні прадмет – матэматыка. Яшчэ я не люблю прадмет “Мастацтва”, бо яго вельмі сумна выкладаюць. Хаця, калі разабрацца, усе прадметы патрэбныя, а што б я яшчэ хацела вывучаць, я не ведаю. Мне дастаткова таго, што ёсць. З гэтага года ў мяне будуць новыя прадметы: біялогія, геаграфія і інфарматыка. Думаю, што інфарматыку я палюблю.

– А цяпер, які прадмет любімы?

– Англійская мова. Мы ў мінулым годзе праходзілі выразы, як патлумачыць іншаземцу, як прайсці куды-небудзь. І як самому не заблудзіцца за мяжой. Калі б я паўтарыла, то магла б патлумачыць.

Мама ў Аляксандры – выкладчыца англійскай мовы. І яна разам з дачкой ладзяць дома вечары англійскай мовы. Гэта калі ўвесь вечар уся сям’я размаўляе па-англійску.

– А мама мне не дапамагае зусім з невядомымі англійскімі словамі. Кажа, што гугл мне ў дапамогу.

– Саша, а што ты думаеш наконт вяртання да пяцібальнай сістэмы адзнак?

– З аднаго боку – гэта добра. Бо хоць я і выдатніца, але мне ставяць 9 і 10. А была б 5-бальная сістэма, ставілі б адны пяцёркі. А з іншага боку: шэсць па прадмеце гучыць не так страшна, як тры. Хаця і за тройку, і за шасцёрку мама б ругала аднолькава.

– А ці трэба ставіць калы і двойкі?

– Без іх не абысціся. Калі б я была настаўніцай, то спачатку двойку б не ставіла. Проста казала на наступны раз прынесці два выкананых заданні. Ну а калі вучань ні з пятай, ні з дзясятай спробы не разумее, то трэба ставіць тады калы і двойкі.

– Ці задаволеная ты працягласцю канікул?

 – Я б пасярод навучальнага года дадала яшчэ тыдзень канікул, дзе-небудзь зімой. А летнія канікулы нават задоўгія.

 Я ўжо засумавала і па сябрах, і па настаўніках, і па вучобе. Па матэматыцы толькі не засумавала. І чакаю, калі апрану свой новы сіні касцюм. Мне сёлета вельмі прыгожы касцюм купілі. Абавязкова класнаму кіраўніку буду несці букет кветак. Гэта традыцыя. Астатнім любімым настаўніцам – шакаладку.

Саша падчас размовы ўспомніла, што ёй яшчэ не падабаецца ў школе. Аказваецца тое, што задаюць на лета чытаць кніжкі.

– Я прачытала палову “Дзяцей капітана Гранта”. Яшчэ трэба прачытаць “Аповесць пра сапраўднага чалавека”.

– Паспееш прачытаць да пачатку навучальнага года?

– Аўдыёкнігу паслухаю.

– Чым шасцікласнікі займаюцца на перапынках?

– Бегаюць і сядзяць у тэлефоне. Я першую палову перапынку бегаю, настаўнікі пачынаюць сварыцца, тады сяджу ў “Кантакце”. У сталовую хаджу.

– Смачна кормяць?

– Не, катлеты несмачныя. Самы лепшы абед для мяне быў бы сасіскі з пюрэ. І сок, а не кававы напой. Ён таксама несмачны.

А пасля ўрокаў, расказвае Саша, яны з сябрамі гуляць у хованкі, едзяць на роварах, куляюцца на турніках.

– Усё ж гэта весялей, чым сядзець у тэлефоне, – падсумавала Аляксандра Каваленка, 13-гадовы эксперт у школьнай адукацыі.