Рашэнне паехаць жыць у Германію да маладзечанкі Ганны Кісель прыйшло спантанна. Дзяўчына вучылася на трэцім курсе ўніверсітэта імя Максіма Танка на гістарычным факультэце.

Яе жыццё нічым не адрознівалася ад жыцця іншых студэнтаў, пакуль не даведалася пра праграму Au-pair па накіраванні моладзі ў Германію. Для сябе дакладна вырашыла: хоча паехаць жыць у іншую краіну.

– Калі сказала пра сваё рашэнне маме, яна была ў шоку, – узгадвае Ганна. – “Навошта табе ехаць у чужую краіну? Як ты там будзеш жыць? Чаму кідаеш універсітэт? Дзе ты ўладкуешся без адукацыі? А калі ў цябе пашпарт скрадуць?” – сыпаліся шматлікія пытанні. Аднак удалося яе ўпэўніць, хаця і цяпер не менш хвалюецца за мяне.

Пра тое, што кідае ўніверсітэт, маладзечанка не перажывала, бо прыйшла да высновы – гэта не тая спецыяльнасць, з якой бы хацела звязаць жыццё.

Баялася размаўляць

Спачатку Ганна жыла ў горадзе Бад-Хонеф у Германіі, пасля пераехала ў Кронберг, дзе таксама жыла ў сям’і. Цяпер жыве ў Франкфурце.

Як прызналася дзяўчына, яна вельмі сціплая, ёй цяжка пачынаць знаёмствы з новымі людзьмі, таму складана было прывыкнуць да новай абстаноўкі, што жыве ў чужой сям’і.

– Цяжкасці ўзніклі і з мовай, – расказвае Ганна. – Хаця і вучыла нямецкую мову ў школе, аднак гэтага было мала, каб свабодна размаўляць. Падавалася, пакуль успомню слова, у людзей проста не хопіць цярпення, каб выслухаць. Аднак, на маю радасць, немцы вельмі цярпліва ставіліся да гэтага, не падганялі. Крыху моўнай практыкі – і праблема сама па сабе вырашылася.

Добрай дапамогай былі і моўныя курсы, якія абавязкова павінен наведаць прыезджы. Напачатку правяраюць моўны ўзровень, па выніках прызначаюць заняткі.

Аднак часам праз вымаўленне дзяўчына сутыкаецца з пытаннем: “Ці не з Францыі прыехала?” Тлумачыць, што з Беларусі.

– У перакладзе на нямецкую Беларусь гучыць як Белая Расія, – тлумачыць маладзечанка. – Адзначаю, што сталіцай з’яўляецца Мінск. Пасля гэтага многія ўзгадваюць пра Аляксандра Лукашэнку і разумеюць розніцу ад Расіі.

Цэны на жыллё залежаць ад раёна, у якім наймаеце яго

Фота global-re.websborka.com.ua.

Фота global-re.websborka.com.ua.

Пакуль Ганна жыла ў сем’ях па праграме Au-pair, удалося назапасіць грошай, каб пераехаць у Франкфурт, наняць кватэру, заплаціць страхоўку і паступіць ва ўніверсітэт.

– Цэны на найманае жыллё вельмі адрозніваюцца ў Франкфурце, – дзеліцца досведам дзяўчына. – Усё залежыць ад раёна, у якім плануеце жыць. У сярэднім прыйдзецца аддаць за невялічкую кватэрку 700-800 еўра (1568 рублёў – 1792 рублі), плюс камунальныя паслугі. Часта ў кватэрах няма мэблі, таму трэба набываць самастойна.

Пакуль гэты варыянт цалкам задавальняе Ганну, таму яна не задумвалася над пакупкай жылля ў Германіі.

Чым лепшая адукацыя, тым вышэйшы заробак

Каб паступіць ва ўніверсітэт, дзяўчыне патрэбныя былі дакументы з Беларусі аб заканчэнні школы.

 – Нямецкая сістэма адукацыі мала адрозніваецца ад беларускай, – расказвае Ганна. – Цяпер вучацца ў школе 11 гадоў, раней – 13. Школа падзеленая на пачатковую, сярэднюю і старэйшую. Пасля сярэдняй можна набываць рабочыя спецыяльнасці. Пры гэтым студэнт вучыцца і працуе тры гады. Аднак у любы час можна працягнуць навучанне ў старэйшай школе, каб пасля паступіць у ВНУ.

Калі вы хочаце атрымаць ступень бакалаўра, трэба вучыцца тры гады. Пры гэтым вучэбныя прадметы можна здаваць тады, калі табе гэта зручна. Два гады дадаткова трэба вучыцца, каб атрымаць дыплом магістра. Аднак у гэтым выпадку важна здаваць прадметы своечасова.

– Ад таго, якая ў вас адукацыя, залежыць заробак, – тлумачыць дзяўчына. – Майстар атрымлівае значна больш, чым бакалаўр.

Праязны – вялікая падтрымка для студэнтаў

Фота report.if.ua.

Фота report.if.ua.

Навучанне ў некаторых федэральных землях бясплатнае, аднак ёсць сума, якую абавязкова трэба заплаціць. За гэтыя грошы студэнты атрымліваюць, напрыклад, праязны на ўсе віды транспарту.

– Праезд вельмі дарагі, – тлумачыць Ганна. – Таму праязны – прыемны бонус. Сістэма аплаты ў розных відах транспарту шырокая: залежыць ад часу сутак, колькасці прыпынкаў альбо часу, праведзеным у транспарце. У сярэднім 2,80 – 3 еўра (прыкладна 6 – 7 рублёў).

Некаторыя студэнты адмаўляюцца ад стыпендыі

У Германіі ёсць розныя супольнасці, арганізацыя, якія могуць грашмі дапамагаць студэнтам.

– Аднак мець такую стыпендыю не так і проста, – тлумачыць Ганна. – Патрэбна выканаць некалькі патрабаванняў і прайсці некалькі этапаў. Абавязковыя ўмовы: добры атэстат, станоўчыя адзнакі за вучобу, быць актыўным удзельнікам разнастайных мерапрыемстваў. Адзін з этапаў – гэта інтэрв’ю з прадстаўнікамі арганізацыі, якая выплачвае стыпендыю. Па выніках семестра ў арганізацыю, якая выплачвае стыпендыю, трэба адпраўляць справаздачу па вучобе, пісаць пра далейшыя планы. У мяне ёсць сяброўка з Украіны, якая атрымлівала такую стыпендыю, аднак адмовілася ад яе. Гэта лішні  ціск, а справаздачы займаюць шмат часу.

Спачатку Ганна ва ўніверсітэце выбрала факультэт мовазнаўства, спецыяльнасць японская мова, пасля памяняла на музыказнаўства.

– Пакуль я ўзяла паўзу ў навучанні, – тлумачыць дзяўчына. – Бо ў Германіі ў мяне няма ніякай падтрымкі, таму прыходзіцца вучыцца запаволенымі тэмпамі, сумяшчаць вучобу і працу.

У вольны час ходзіць у оперу і на стральбу

Фота 100dorog.ru.

Фота 100dorog.ru.

Каб зарабіць, дзяўчына працуе на дзвюх работах: у музычнай школе і фітнес-студыі. Свабоднага часу няшмат, аднак, калі выпадае, сустракаецца з сяброўкамі, якія прыехалі ў Германію з Расіі, Славакіі, Украіны.

– Завесці сяброўства з немцамі на рабоце альбо на вучобе складана, – тлумачыць Ганна. – У першы ж дзень заняткаў людзі дзеляцца на групы. Як падзяліліся, так будзе і ў далейшым. Аднак, калі ты захочаш прымкнуць да пэўнай групкі, цябе не адштурхнуць, аднак і шчырага сяброўства можа не атрымаецца.

Падабаецца дзяўчыне хадзіць у оперу, тэатр, кіно, гуляць па горадзе. Некаторы час яна брала ўрокі вакалу. А цяпер запісалася на стральбу.

– Мне заўсёды падабалася цэліць, – усміхаецца дзяўчына. – Цяпер вучуся страляць з ружжа, аднак кулькі ў ім несапраўдныя. Як і ў Беларусі, калі ты хочаш купіць агнястрэльную зброю, патрэбны пакет дакументаў, сярод іх медыцынская даведка.

Пакуль Ганна не плануе вяртацца ў Беларусь. У перспектыве – асвоіць прафесію арганізатара канцэртаў.