Не, гэта не вуліца такая страшная. Проста ў нашых сённяшніх суразмоўцаў вельмі вясёлыя суседзі. У агародзе, якраз акурат ля вокнаў,  стаіць пудзіла ў рост чалавека – Баба Яга з парасонам.

– Кожны раз уздрыгвала, калі яе бачыла, – кажа жанчына, што жыве па суседстве. – Давялося паставіць высокі плот. 

Маладзечанцы, мяркуем, заўважалі дзіўныя дамы на вуліцы Віленскай паблізу плошчы Старое месца.

На адным з іх надпіс: “ Прыватная ўласнасць. Не прадаецца”, а ў вокнах  другога дома, таго што побач,  размешчаны з дзясятак самаробных лялек.

Аднак, ні ў першым, ні ў другі доме гаспадароў дома не аказалася. Затое суседзі з дома № 185, сям’я Гурыновічаў, аказаліся вельмі цудоўнымі суразмоўцамі і адказалі на пытанні, як ім жывецца амаль у цэнтры старога горада.

– Вуліца будавалася ў 1946 годзе, – расказвае гаспадыня дома Наталля. – Будавалася блізка да дарогі, бо тады строга прытрымліваліся плану горада. Бабуля расказвала, што калі будавалі дом, ужо паклалі пяць вянцоў далей ад дарогі. Прыехаў архітэктар, нацягнуў уздоўж вуліцы вяроўку і сказаў:

“ Раніцай ваш дом павінен быць на адной лініі з вяроўкай, інакш ваш чакаюць Салаўкі”.

Дом пабудавалі, а калі горад пачаў разбудоўвацца, Віленскую ўнеслі ў план на знос.

– Шмат гадоў мы чакалі, што гэтыя дамы знясуць, вуліцу пашыраць, аднак, гэтага так і не здарылася.

Пагэтаму сям’я пачала рабіць рамонт, рэканструкцыю.  Дом аздобілі сайдынгам, зрабілі касметычны рамонт. Правялі ў дом усе камунікацыі, адзіныя, дарэчы з усёй вуліцы.

Суседзі ў нашых суразмоўцаў розныя.

– Вуліца старэе, – кажуць гаспадары. – Я ўсё жыццё пражыла ў гэтым доме, ніколі дзяцей побач не было. Адныя пенсіянеры.

У доме, на якім напісана “Прыватная ўласнасць”, жыве пенсіянерка, былая выкладчыца матэматыкі.

– Яна жыве недзе ў іншым месцы, сюды прыязджае час ад часу.

А ў доме, дзе на ўсіх вокнах развешаны лялькі, жыве мастачка.

– Цяпер на вокнах лялькі, – кажа Наталля, – а раней увесь дом быў распісаны вялізнымі чырвонымі макамі. Не разумею я чагосьці ў мастацтве, – смяецца жанчына.

А вось як змагацца з шумам, жыхары пакуль не прыдумалі.

– Тут ужо даўно трэба паставіць шумаізаляцыйны шчыт, але ўладам пакуль не да гэтага. А самі мы гэтага зрабіць не можам. Шум – гэта паўбяды, а яшчэ бруд.

Наталля расказвае, што дом даводзіцца мыць кожны тыдзень. А зімой, наогул, праз дзень.

Пра планы, як яшчэ расшырыць, або палешчыць дом, гаспадары жартуюць, што калі ў дачкі Лізаветы паявіцца муж, ён і будзе займацца гэтым.

Вакалістка Ліза

Лізе 13 гадоў. Яна расказвае, што ў яе, як і ў мамы, сяброў на вуліцы Віленскай не было. Таму дзяўчынка ад ранняга дзяцінства ўся ў раз’ездах.

Мама ці тата возяць яе ў школу, на танцы, у вакальную студыю “Спяваем разам”.

– Цяпер я ўсур’ёз зацікавілася вывучэннем замежных моў, сумаваць няма калі.

– Ліза ў нас мэтанакіравае дзіця, – расказвае Наталля. – Прыйшла аднойчы і кажа: “Мама, я хачу пець”. Сама падрыхтавался да праслухоўвання. І ўжо два гады займаецца ў эстраднай студыі ў Алены Атрашкевіч.

Дзяўчынка прымае удзел у розных канцэртах і конкурсах, дадаткова вучыцца іграць на акардэоне і гітары.

А сёлета Ліза перамагла ў вакальным конкурсе ў лагеры “Зубраня”.

– Я не думала, што маё захапленне музыкай і спевамі стане такім сур’ёзным. Але мне цяпер цікава скараць новыя вяршыні.

Ліза марыць аднойчы прыняць удзел у Славянскім базары.

Хто ведае, можа таму “Славянскаму базару” і не хапае вакалісткі Лізы з вуліцы Віленскай, 185.