Жарт, які нарадзіўся на сур’ёзнай глебе расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў «Захад-2017», проста за адны суткі ўзарваў інтэрнэт. У неіснуючай краіны ўжо ёсць не толькі свая старонка ў Вікіпедыі, але нават рахунак на Twitter, міністрэрства замежных спраў Вейшнорыі, гімн, сцяг, а таксама сайт для выдачы «пашпарту вейшнорца».

Што такое Вейшнорыя?

Як мяркуецца, «Вейшнорыя» азначае на балцкай «Вейшнар» — «той, хто ахвотна частуе» (гасцінны). Часам яе называюць таксама «Вайшнорыя».

Выдуманая дзяржава ў дзяржаве з’явілася цягам вучэнняў «Захад-2017». Па сцэнары, ваенныя дзеянні будуць разгортвацца як канфлікт паміж «Паўночнымі» краінамі, якія прадстаўляюць Беларусь і Расія, і «Заходнімі», выдуманая кааліцыі трох агрэсараў, дзяржаў Вейшнорыі, Весбарыі і Лубеніі. Яны паспрабуюць раскалоць саюз, пагоршыць сацыяльна-эканамічную абстаноўку Беларусі і давесці да змены ўлады. У выніку падступных планаў частка нашай краіны будзе захоплена, і будзе створаная новая дзяржава — Вейшнорыя.

Дзе Знаходзіцца Вейшнорыя?

Паводле легенды, дзяржава займае тэрыторыю большай частцы Гродзенскай вобласці і паўночна-заходніх частак Мінскай і Віцебскай абласцей. Так што, рэгіён, пра які піша «Рэгіянальная газета» таксама частка Вейшнорыі!

Што яшчэ мы ведаем пра яе?

Прыкладная колькасць насельніцтва — 1 488 666 чалавек, плошча — прыкладна 46 103 км². Афіцыйныя рэзідэнцыі Вейшнорыі размешчаныя ў Гродна, парламент і ўрад (акрамя міністэрства культуры) — у Лідзе, культурная сталіца — Смаргонь.

Гімнам новаспечанай дзяржавы лічыцца песня «Нямон» гурта «Стары Ольса». У Міністэрства замежных спраў Вейшнорыі ёсць свой акаунт на Twitter, таксама існуе сайт, дзе кожны жадаючы можа стаць на чаргу за «пашпартам вейшнорца», ёсць узор уласных грошай — вейшнорыяў. 

Настасся Вераск. «Віцебскі кур’ер».