– Я вельмі люблю танцы ў нашым парку, – пачаў свой расповяд мужчына сталага веку, што не так даўно прыйшоў у рэдакцыю.

Жыхар Маладзечна Пётр А. распавёў, што яму падабаецца гарадскі парк, яго добраўпападкаванне і тыя мерапрыемствы, што тут ладзяць для пенсіянераў. Аднак, на думку мужчыны,  наш парк можна можна і трэба зрабіць яшчэ лепшым.

– Я – былы работнік энерганагляду, – кажа Пётр Пятровіч, таму адразу заўважаю, дзе што не так.

Танчым так, што падымаецца пыл

Па словах майго субяседніка, традыцыйныя танцы для сталых людзей у парку ладзяць на пляцоўцы, дзе раней дзеці каталіся на машынках. На танцах ёсць вядучы, у якога можна замовіць любімую песню або папрасіць павіншаваць кагосьці са знаёмых наведнікаў з Днём нараджэння.

Аднак ад былога дзіцячага аўтадрома на пляцоўцы засталася бетонная падлога. І гэта непакоіць майго субяседніка.

Наведнікі “дыскатэкі” так танчуць, што падымаецца бетонны пыл. А гэта, на думку Пятра А., шкодна для арганізма танцораў.

Засмучае яго і тое, што пляцоўка абгароджаная сеткай, часта здараюцца скразнякі. Наведнікі танцаў ад гэтага хварэюць на прастуды.

 Пётр Андрайчук не раз падымаў пытанне пра тое, каб памянялі падлогу на танцполе і добра з усіх бакоў абгарадзілі пляцоўку. Аднак пакуль вынікаў няма.

Дырэктар парка: усім танцы падабаюцца. Незадаволены адзін чалавек

Мы звязнуліся за каментарыем да дырэктара гарадскога парка Аляксандра Фалея.

– На танцах “Для тых, каму за” ўсім усё падабаецца, – сказаў Аляксандр Фалей.

Такія танцы, а дакладней, вечары адпачынку “Для тых, хто малады душой”, звычайна ладзяць ад 1 мая і да восені. Улічваюць умовы надвор’я.

Сярэдні ўзрост наведнікаў ад 55 да 60 гадоў. Аднак ёсць і такія танцоры, каму за 80.

Па словах Аляксандра Фалея, усе наведнікі, акрамя Пятра А., задаволеныя вечарамі адпачынку для сталых людзей.

Кіраўніцтва парку ідзе насустрач пенсіянерам. Робіць гэта проста ў знак павагі да сталых людзей.   

І танцы, пра якія ідзе гаворка, па шматлікіх просьбах у парку, падзяліўся Аляксандр Фалей,  праводзяць ва ўрон сабе.

Білет туды каштуе 1 рубель 50 капеек. І па словах Аляксандра, ніхто асабліва не хоча гэтым займацца.

Пётр А., кажа дырэктар, скардзіцца ўжо чатыры гады. Пры гэтым астатнія наведнікі ўсім задаволеныя.

– Я не вытрымаў скаргаў гэтага чалавека, – дзеліцца Аляксандр. – Ужо не хапае здароўя і нерваў.

Таму цяпер вечары адпачынку ў парку праводзіць Цэнтральная клубная сістэма Маладзечна.

У хуткім часе танцы для сталых людзей будуць ладзіць у Палацы культуры чыгуначнікаў. Магчыма, там танцорам будзе больш зручна.