Судовыя эксперты – гэта асаблівыя людзі ва ўсёй структуры праваахоўчай сістэмы.

Па меншай меры так здаецца звонку. Лічыце самі: гэтыя людзі могуць вылічыць, як даўно стралялі з той ці іншай зброі, хто пакінуў сляды на месцы злачынства, каму належаць адбіткі пальцаў.

А яшчэ вылічыць чалавека па почырку.

Як гэта адбываецца, мы запыталіся ў эксперта-почыркаведа Дзмітрыя Пятрова.

Праца почыркаведа падобна да працы ювеліра. На працоўным стале эксперта лісты паперы, павелічальнае шкло і, калі спатрэбіцца, мікраскоп.

Часцей за ўсё, расказвае Дзмітры, працаваць даводзіцца з дакументамі, завяшчаннямі  і перадсмяротнымі запіскамі  самазабойцаў.

Дзмітры расказвае, што яго праца як эксперта заключаецца ў тым, каб высветліць, ці сапраўды гэты чалавек пакінуў запіску.

 – Праца пачынаецца з таго, што бярэцца запіска, на стале раскладваюцца чыстыя лісты паперы, на якія выпісваецца алфавіт.

Усе варыянты літар, што ёсць у запісцы, старанна запісваюцца ў слупок, затым запісваюцца варыянты звязкі літар, потым ацэньваюцца асаблівасці пісьма. Напрыклад, калі чалавек абводзіць адну літару па некалькі разоў, або падкрэслівае, таксама піша больш размашыста, чым звычайна, сведчыць пра тое, што чалавек быў у вельмі узрушаным стане, хваляваўся. Або быў пад уздзеяннем алкаголю.

Эксперты расказваюць, што па адной запісцы немагчыма высветліць асобу пісаўшага яе. Каб правесці дасканалы аналіз, экспертам патрэбны іншы ўзор почырка. Тады выклікаецца чалавек, які, верагодна, пісаў запіску. Яго просяць напісаць нейкі тэкст у нязвыклых умовах: стоячы, на вертыкальнай паверхні, на калене.

– А калі чалавек ужо не можа нічога напісаць, мы даем следчым заданне знайсці яшчэ дзе-небудзь узоры почырка гэтага чалавека.

У судовых экспертаў быў выпадак, калі чалавек, што пакінуў перадсмяротную запіску, наогул больш нічога ад рукі не пісаў.

І толькі нейкім таямнічым чынам следчыя знайшлі ўзор яго почырку ў царкве, дзе ён падаваў запіску аб спачыне.

– Параўнаўшы гэтыя дзве запіскі, можна было прыйсці да высновы, што іх напісаў адзін і той жа чалавек. Толькі почырк на перадсмяротнай запісцы быў няроўны, з моцным націскам, што сведчыла пра тое, што чалавек моцна хваляваўся ў момант, калі яе пісаў.

Больш мірныя справы судовых экспертаў-почыркаведаў – гэта праца з падробкай подпісаў на нейкіх дакументах.

– Ваш подпіс на дакументах – гэта ваша асабістая засцярога ад падробак. Таму подпіс павінен быць больш складаны, чым проста крыжык. Кожны завіток почырка – гэта ступень абароны. Чалавек, які захоча паўтарыць ваш подпіс, абавязкова “праколецца”. Ён можа запаволіць рух асадкі, калі будзе выводзіць завіток, можа не дацягнуць самую вышэйшую кропку вашага подпісу. Нават калі подпіс будзе адзін у адзін, то і не пастаўленая кропка, або размяшчэнне подпісу на радку, будзе сведчыць пра тое, што подпіс падроблены.

Эксперты не толькі па літарах могуць вызначыць, каму належыць почырк. У карпатлівай працы почыркаведа важна ўсё: чырвоны радок і яго адсутнасць, выходзіць тэкст за палі ці не, як размяшчаюцца радкі і многае іншае.

– Таксама ў почыркаведаў ёсць такое паняцце, як выпрацаванасць почырка. Яна бывае нізкая, сярэдняя і высокая. Выпрацаванасць залежыць ад таго, ці многа чалавек піша ад рукі. Чым больш ён піша, тым большая выпрацаванасць. Нізка выпрацаваны почырк вельмі падобны да ўзораў ў пропісах першакласнікаў.

– То бок, калі хочаш падмануць эксперта, дастаткова пісаць як курыца лапай ці проста друкаванымі літарамі?

– Не. Бо і ў гэтым выпадку эксперт зможа выкрыць чалавека па пісьму. Быў у нас выпадак, калі даводзілася ўсталёўваць асобу таго, хто напісаў некалькі непрыстойных словаў на сцяне.

У адной са школ раёна на сцяне напісалі, што дырэктар, мякка кажучы, нехарошы чалавек. Экспертам давялося выязджаць на месца, разбірацца ў гэтым.

Таксама эксперты-почыркаведы працавалі і тады, калі ішло расследванне нашумелай справы пра мініраванне школ.

– Але ж там, наколькі вядома, лісты былі надрукаваныя, а не напісаныя ад рукі?

– Так. А вы думаеце, што эксперт –почыркавед не даведаецца, хто аўтар тэксту, калі ён надрукаваны? Почыркаведы праводзяць цэлы комплекс дзеянняў. Калі не дастаткова ўзору почырка, эксперты могуць на лісце паперы знайсці адбіткі пальцаў, нейкі пах або геном, які можа  дапамагчы выявіць асобу. 

У апошнія гады смс-паведамленні, паведамленні ў сацыяльных сетках вельмі папулярныя аб’екты даследванняў.

 Падштурхнуць да думкі, што пісаў менавіта гэты чалавек можна па тым, як ён ставіць знакі прыпынку, у якіх месцах ставіць прабелы, якія словы скарачае, якія выкарыстоўвае слэнгавыя словы.

Дарэчы, эксперты-почыркаведы могуць аказваць платныя паслугі насельніцтву.

Да экспертаў  можна звярнуцца ў спрэчных выпадках, калі, напрыклад, ваш бізнэс-партнёр сцвярджае, што подпіс на дакуменце ён не ставіў, або вы знайшлі рукапіс вашага дзядулі-пісьменніка, а не ўпэўненыя, што гэта яго аўтограф.

– Таксама да нас звяртаюцца валанцёры з пошукавых клубаў, калі па медальёне часоў Другой Сусветнай трэба высветліць каму ён належыў.

А вось псіхалагічны партрэт таго, хто напісаў той ці іншы тэкст, эксперты скласці не могуць.

– Не тое, каб зусім не маглі, проста гэта не ўваходзіць у нашыя абавязкі. І роздум пра тое, што за чалавек быў той, хто напісаў тэкст,можа адцягваць увагу ад таго, што больш важна. Таму псіхалагічны партрэт мы пакінем экспертам-графолагам. А мы можам высветліць, якога полу, узросту быў чалавек ну і іншыя падрабязнасці.

– А не на рабоце вы выкарыстоўваеце сваё ўменне разгадваць почырк?

– Калі вы маеце на ўвазе, ці магу я даведацца, што сын падрабіў подпіс класнага кіраўніка, то магу. Толькі сын наўрад ці будзе гэтым займацца. Ён ведае, кім працуе яго тата.