У пачатку года Прэзідэнт даў даручэнне дэталёва прапрацаваць аптымізацыю сістэмы дзяржаўных органаў. Яна закранула таксама мясцовыя райвыканкамы.

Былі распрацаваныя два накірункі аптымізацыі. Па-першае, арганізацыям далі магчымасць прааналізаваць работу і пазбавіцца ад дублюючых функцый альбо перадаць іх іншым арганізацыям.

Зменшылі колькасць работнікаў пенсійнага ўзросту

– Паводле гэтага напрамку, колькасць работнікаў райвыканкама скарацілася на 15%, – адзначае начальніца аддзела арганізацыйна-кадравай работы Маладзечанскага райвыканкама Таццяна Шафаловіч. – Аднак людзі не пацярпелі, бо зменшылася колькасць работнікаў пенсійнага ўзросту. Калі на пачатак года іх у райвыканкаме працавала каля 13%, цяпер 3,5%. Таксама з пачатку года паступова вырашалася пытанне, якія функцыі можна перадаць іншым арганізацыям, а таксама падумаць за якія галіны дзейнасці мог адказваць адзін работнік.

Другі накірунак прадугледжваў вывад спецыялістаў з дзяржслужбы.

– Ніхто з работнікаў не пацярпеў, – заспакойвае Таццяна Міхайлаўна. – Усім прапанавалі работу без выканання дзяржаўна-распарадчых паўнамоцтваў. Па гэтым напрамку колькасць дзяржслужачых зменшылася крыху больш чым на 18%. 

Якія змяненні адбыліся ў складзе райвыканкама

Намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Алег Хлебавец, які курыруе пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, цяпер таксама вырашае пытанні архітэктуры, будаўніцтва, землеўпарадкавання і землекарыстання, геадэзіі і картаграфіі.

Начальнікам упраўлення справамі райвыканкама прызначаная Анжэла Дрозд. Раней яна была галоўным спецыялістам па кадрах кіравання сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Намеснікам начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва прызначаны Славамір Зубрыцкі.

Абнавіўся амаль увесь кіруючы склад упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Маладзечанскага райвыканкама. 

Цяпер пытанні пенсійнага і матэрыяльна-бытавога забеспячэння будзе курыраваць Людміла Пажарыцкая, пытанні працоўных адносінаў – Людміла Місуна.

Выйшлі ў адстаўку кіраўнікі Лебедзеўскага і Чысцінскага сельскіх выканаўчых камітэтаў. Выконваць абавязкі кіраўніка ў Лебедзева будзе Тамара Дудзіч, якая раней працавала загадчыцай сектара аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама.

Выконваць абавязкі кіраўніка ў Чысці прызначаны Павел Філістовіч. Раней ён быў дырэктарам гандлёвага дома “Забудова”.

Трэба зазначыць, што аптымізацыя Маладзечанскага райвыканкама будзе працягвацца і далей, да канца года.