Акцыя была прымеркаваная да Дня ведаў. Вучням прапаноўвалі замест кветак пайсці 1 верасня ў школу са спецыяльным сцяжком альбо намаляваць паштоўку з кветкамі. Грошы, якія не былі выдаткаваныя на кветкі, пералічыць на рахунак дабрачыннага фонду “Шанец”.

Сёлета збіралі на лячэнне сямігадовага Рамана Куніцкага з Глыбокага, у якога нейрабластома (злаякасная пухліна) правага наднырачніка.

Усяго падчас акцыі пералічылі 34 тысячы рублёў. Папярэднюю аплату на лячэнне хлопчыка ўжо накіравалі ў клініку.

Да акцыі далучыліся дзеці, іх бацькі, а таксама настаўнікі з 19 населеных пунктаў. Сярод іх Валожын, Маладзечна, пасёлак Чысць, Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Бараўляны, Віцебск, Гомель, Гродна, Жодзіна, Калодзішчы, Лебедзева, Кадзіна, Мінск, Наваполацк, Рэчыца, Слуцк і Салігорск.

– Прыемным сюрпрызам было тое, што ў акцыі ўдзельнічалі падапечныя фонду “Шанец”, – расказвае спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Міжнароднага дабрачыннага фонду дапамогі дзецям “Шанец” Настасся Шацько. – Гэта дзеці, якім фонд некалі дапамагаў, а цяпер іх сем’і сталі нашымі дабрачынцамі і дапамагаюць іншым дзецям.

Усяго ўдзельнічалі ў акцыі 118 класаў з 72 устаноў адукацыі, а гэта 2622 вучні.

Пералічаныя ахвяраванні можна адсачыць на сайце дабрачыннага фонду ў раздзеле “Паступленні”.

Фонд “Шанец” дзякуе ўсім, хто далучыўся да акцыі, а таксама за цёплыя словы, якія ўдзельнікі напісалі ў адрас фонду, і шчырыя пажаданні хутчэйшага выздараўлення падапечным.