Беларускі кіраўнік перагледзеў свае планы і, хутчэй за ўсё, не прыедзе на расійскі палігон для інспектавання вучэнняў «Захад-2017». Пра гэта паведамляе «Коммерсант» са спасылкай на ваенна-дыпламатычную крыніцу.

Па словах крыніцы, першапачаткова меркавалася, што Пуцін прыбудзе на расійскі палігон разам з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Але, па апошняй інфармацыі суразмоўцы «Коммерсанта», Лукашэнка перагледзеў свае планы і, хутчэй за ўсё, не прыляціць у Расію.

Пра тое, што Пуцін і Лукашэнка праінспектуюць ход вучэнняў на адным з расійскіх палігонаў паведаміў «Известиям» Дзмітры Пяскоў.

Пуцін і Лукашэнка апошні раз разам назіралі за манеўрамі вучэнняў «Захад-2013» спачатку ў Гродзенскай вобласці Беларусі, а затым у Калінінградскай вобласці Расіі.