1997 год. Здаецца, ён быў яшчэ нядаўна. У гэтым годзе прэзідэнтам Амерыкі ў другі раз стаў Біл Клінтан, у тых жа ЗША пачалі прадаваць першыя прайгравальнікі і дыскі ДВД, на свет з’явілася першая кланаваная авечка Долі. У гэтым жа 1997 годзе загінула прынцэса Дыяна, сталіцай Казахстана стаў горад Астана замест Алма-Аты. На экраны выходзіць фільм “Тытанік”.

Рэгіянальная газета” ў сакавіку адзначае выхад 100 нумара. І друкуе наступную інфармацыю…

1. Беспрацоўе

У 1997 годзе Мала­дзечна значыцца ў лідарах краіны па беспра­цоўі. Узровень беспрацоўя ў студзені – 5%.

2. Спаленыя кіёскі

Відаць, што “ліхія 90-я”, пра якія многія ведаюць толькі па фільмах, з усёй сваёй жорсткасцю пракаціліся па рэгіёне.

Інакш, як патлумачыць, што пачатак аднаго з артыкулаў па­чынаўся так: “Спаленымі камерцыйнымі кіёскамі нікога не здзівіш. То прыватныя структуры высвятляюць паміж сабою адносіны, то іх такім чынам карае рэкет”.

3. Дзікунства

Артыкул з назвай “Не забівайце!” расказваў пра дзікую гісторыю, якая адбылася ў 1997 годзе ў Маладзечне. Тады невядомыя падпалілі кіёск разам з прадаўцом, 20-гадовай Таццянай, якая памерла ад апёкаў.

4. 100 000 рублёў

У лютым 1997 года свой дзень нараджэння адзначыла 100-тысячная купюра.

“РГ” пісала: “Выйшла ў свет новая грашовая купюра. На адным баку гэтай “каштоўнай паперкі” паказаны фрагмент балета “Выбранніца” па паэмах Янкі Купалы, а таксама белы квадрат з зялёным малюнкам, які нельга апісаць словамі…

На другім баку – малюнак Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, фрагмент ужо традыцыйнага слуцкага пояса і яшчэ некалькі ўзораў. На вадзяным знаку – выява балерыны, якая замерла ў даволі прыгожай позе.

Вядома, дызайн не зусім падыхо­дзіць да банкноты такога ўзроўню і каштоўнасці, таму выгляд яе выклікае ўсмешку. Хацелася б, каб у кожнага было пабольш такіх банкнот”.

5. “Замініраваная” школа ўрокі не зрывала

З нервамі ў вілейскіх настаўнікаў у 1997 годзе было ўсё ў парадку ды і заканадаўства, відаць, было не такім суровым, як цяпер.

Артыкул пра замініраванне школы №1 у Вілейцы выйшаў у “РГ” 1 красавіка пад назвай “Прадоўжыў канікулы”.

“У 10.55 першага дня новай чвэрці дырэктару сярэдняй школы №1 патэлефанаваў невядомы. Басавітым голасам паведаміў, што школа замініраваная.

Вопытны настаўнік зразумеў, што з ім размаўляе падлетак. Педагогі звязаліся з міліцыяй. На календары – 1 красавіка, школа не з’яўляецца стратэгічным аб’ектам.

Улічваючы ўсё гэта, вырашылі не панікаваць. Першай змене далі давучыцца, другую адпусцілі дадому. Пасля абеду прыехалі супрацоўнікі міліцыі і, як і меркавалі, бомбу не знайшлі”.

6. Касцёл і царква ў Маладзечне

17 мая 1997 года ў Маладзечне дабудавалі касцёл, што за кінатэатрам “Радзіма”.

А на вуліцы Будаўнікоў пабудавалі царкву. Тую, побач з якой цяпер пабудаваны сабор. Першапачаткова будынак царквы нагадваў цыркавы шацёр. 

7. Царква ў Дорах

У вёсцы Доры, што на Валожыншчыне, адкрылі царкву замест той, што ў 1943 годзе была спаленая разам з жыхарамі.

8. Фестываль вярнуўся

У гэтым жа годзе прынялі рашэнне вярнуць фестываль “Маладзечна” на гістарычную радзіму.

9. Першы смерч

27 чэрвеня першая паласа нумара выйшла з назвай “СМЕРЧ”.

Менавіта такімі вялікімі і чорнымі літарамі пачынаўся артыкул.

“Нашы людзі такога не памятаюць. Надвячоркам у панядзелак над тэрыторыяй раёна пранёсся смерч. Былі і ахвяры”.

Карэспандэнты газеты пісалі пра розныя вёскі рэгіёна, дзе ён пакінуў свой след.

10. Выпускныя ў рэстаранах

У гэтым жа годзе аддзелы адукацыі ўнеслі новаўвядзенне. Па іх распараджэнні выпускныя вечары рэкамендавана было право­дзіць не ў школах, а ў больш “афіцыйных” месцах – рэстаранах.

Артыкул, які расказваў пра гэта, меў назву “Жыццё пачынаецца з рэстарана”. 

Аўтар у канцы артыкула падняла філасофскае пытанне: “Што чакае выпускнікоў, якія ідуць у самастойнае жыццё не са сцен школы, а з рэстарана?”.

11. Парк у Вілейцы

У апошнім нумары ліпеня 1997 года  “Рэгіянальная газета” віншавала жыхароў Вілейкі з 20-годдзем гарадскога парку.

Аўтар артыкула ўзгадваў, чым парк адметны для віляйчан:

“Перш за ўсё, ён помніцца камусьці дзіцячай пляцоўкай з арэлямі, а каму “шайбай”-піўнушкай, якая дачасна згарэла і аддала сваё імя нязграбнай пабудове паблізу “Зеніта”, дзе ўжо няма той даверлівай атмасферы для аматараў адпачыць з куфлем піва з бочкі”.

12. Прэзерватывы

У 1997 годзе ў “Рэгіянальнай газеце” выйшаў артыкул, які называўся “Прэзерватывы”. На першай старонцы газеты ў артыкуле паведамлялася, што ў дзяржаўныя магазіны ў Вілейцы паступіць гэты тавар.

13. Тэнісныя корты. Хм, і дзе яны?

Жнівеньскі нумар “РГ” паведамляе: “Маладзечанскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб узвядзенні ў горадзе тэнісных кортаў. Размесцяцца яны недалёка ад гарадскога стадыёна.

У адрозненне ад традыцыйных даўгабудаў, мяркуецца, што ў канцы верасня новы спартыўны аб’ект будзе здадзены ў эксплуатацыю”.

Лагічнае пытанне з 2017: ну і дзе той корт?

Увогуле, гартаючы падшыўку 20-гадовай даўніны, разумееш, што няшмат чаго і змянілася за гэты час: высокі ўзровень беспрацоўя, камунальныя праблемы, высокія цэны і малыя заробкі, нявыкананыя абяцанні, маленькія радасці, святы і юбілеі. Тое, чым жыў і жыве рэгіён па сённяшні дзень.