27 верасня польскі амбасадар Конрад Паўлік узнагародзіў віляйчаніна Дзяніса Канецкага медалём Pro Patria.

–Узнагароджанне адбылося ў час цэрымоніі перазахавання польскіх памежнікаў у Даўгінаве, – распавёў «Рэгіянальнай газеце» краязнаўца, старшыня філіялу таварыства «Ахова помнікаў Беларусі» Дзяніс Канецкі.

Па яго словах, на перазахаванні ў Даўгінаве былі каля 30 чалавек з Польшчы, а таксама прадстаўнікі Польскага пасольства ў Беларусі.

Тут перапахавалі пяць службоўцаў польскага Корпусу аховы памежжа. Пасля жалобнай імшы 26 верасня ў касцёле ў Даўгінаве, польскія вайскоўцы разам з аркестрам перанеслі парэшткі загінулых жаўнераў КАП на мясцовыя могілкі.

Урачыстасці завяршылі супольную працу польскага Інстытуту нацыянальнай памяці і 52-га эксгумацыйнага батальёну беларускіх Узброеных сілаў.

Пахаваныя жаўнеры загінулі падчас баёў з Чырвонай арміяй за абарончую вежу «Пагост» 17 верасня 1939 года, дзе былі пахаваныя ў калектыўнай магіле.

Медаль Pro Patria, якую атрымаў Дзяніс Канецкі, даюць з аасаблівыя заслугі ва ўмацаванні і захаванні памяці пра барацьбу польскага народа за незалежнасць Польшчы ў часы і пасля Другой сусветнай вайны.