Ад 22 верасня ў Беларусі пачаліся традыцыйныя тыдні Германіі.

Іх праводзяць на працягу ўжо больш за дзесяць гадоў.

Сёлета мерапрыемствы тыдняў запланавалі да 31 кастрычніка. У юбілейны год аднаўлення беларуска-германскіх дыпламатычных адносін Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія запрашае наведаць шматлікія мерапрыемствы ўсіх, хто хоча пазнаёміцца з культурай, мовай і грамадствам Германіі.

У рамках тыдня па многіх гарадах Беларусі правядуць выставы, кінапрагляды нямецкіх фільмаў, аўтарскія чытанні, семінары, нямецкамоўныя спектаклі.

У Маладзечне 30 верасня, у суботу, сумесна з пасольствам Германіі супрацоўнікі аддзела замежнай літаратуры раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча зладзяць фотамарафон “Дружба”. Паўдзельнічаць могуць усе, хто любіць фатаграфаваць.

Сэнс марафона ў наступным. Удзельнікі за 12 гадзін робяць 12 фотаздымкаў па 12 тэмах. Сюжэты для сваіх фотатвораў удзельнікі будуць шукаць, рухаючыся па вуліцах горада. Таму арганізатары звяртаюць увагу на зручнае адзенне і абутак фатографаў. Тэмы агучаць непасрэдна перад выкананнем заданняў.

Зарэгістравацца можна ў бібліятэцы як індывідуальна, так і камандай.

Адрас бібліятэкі: вуліца Вялікі Гасцінец, 112-в-3, тэлефон 8 (0176) 74-72-91.

Праграма мерапрыемства наступная.

10:00 – сустрэча ў бібліятэцы. Агучванне тэм 1,2,3.

10:00-13:00 – выкананне фотазадання

13:00 – сустрэча ў бібліятэцы. Агучванне тэм 4, 5,6 

13:00 – 16:00 – выкананне задання

16:00 – 18:00 – выкананне фотазадання

18:00 – сустрэча ў бібліятэцы, агучванне тэм 7, 8, 9

18:00 – 22:00 – выкананне задання.

22:0 – 23:00 – адпраўка пісьма з фотазаданнем на адрас арганізатараў.

28 кастрычніка ў 17:00 у бібліятэцы зладзяць фотавыставу “Freundschaft” (“Дружба”) у фармаце фотасушкі.

Усе ўдзельнікі атрымаюць сувеніры. А тых, чые фотаздымкі перамогуць, арганізатары ўзнагародзяць каштоўнымі прызамі.

Даведка “РГ”

Фотасушка – вялікая фотавыстава, у якой прымаюць удзел усе, хто пажадае: і аматары, прафесіяналы. Звычайна арганізатары выставы нацягваюць звычайныя вяроўкі для бялізны і з дапамогай прышчэпак удзельнікі прымацоўваюць туды фотаздымкі. Пасля выставы фотаздымкі, якія спадабаліся, звычайна можна памяняць або забраць сабе. На фотасушках адбываюцца нефармальныя зносіны фатографаў, прафесіяналы даюць парады аматарам.

Пасольства ФРГ у Беларусі.