Ад 2 да 13 кастрычніка ў Маладзечне і некаторых вёсках раёна праходзіць пробны перапіс насельніцтва. Пра тое, чаму менавіта Маладзечна, для чаго планшэты і што з імі будзе пасля перапісной кампаніі, мы распыталі начальніка арганізацыі і правядзення перапісу насельніцтва Нацыянальнага статыстычнага камітэта Антона Мучкоўскага.

Перапіс у Маладзечне праводзяць работнікі Галоўных упраўленняў статыстычнага камітэта абласцей і Мінска, Белстата, райаддзела статыстыкі Маладзечна. Гэты час яны будуць жыць у Маладзечне і працаваць ад 9 да 21 гадзіны з перапынкамі на абед і адпачынак без выхадных.

Маладзечна – сярэдні і тыповы раён Беларусі, абраны месцам тэставання менавіта за гэта. Тут ёсць і новыя раёны, і старыя, ёсць прыватны сектар у горадзе, і катэджная забудова адразу за горадам. Маладзечна і ў мінулы пробны перапіс было аб’ектам тэставання.

Не ўсе давяраюць планшэтам

Перапісчыкі падзяліліся па ўчастках. Антон праводзіў апытанне ў інтэрнаце політэхнічнага каледжа.

– Людзі на перапіс рэагуюць пазітыўна. Маладзечанцы былі вельмі добразычлівыя, ахвотна адказваюць на пытанні.

Апытаць аднаго чалавека можна за 4 хвіліны. Калі чалавек распавядае пра сям’ю з пяці чалавек, гэта можа заняць 20 хвілін.

На ўсялякі выпадак перапісчыкі носяць і папяровыя перапісныя бланкі – раптам людзі адмовяцца, каб перапісчык карыстаўся планшэтам.

– У Беларусі ёсць населеныя пункты, жыхары якіх па рэлігійных матывах адмаўляюцца карыстацца любымі гаджэтамі. Яны вядуць такі лад жыцця, і, наколькі мне вядома, нават адмовіліся ад пашпартоў. Да іх прыязджалі людзі, якім жыхары давяралі, і задавалі свае пытанні, запісвалі адказы на паперы.

Планшэт эканоміць грошы

Пробны перапіс патрэбны для таго, каб разлічыць нагрузку на перапісчыка, ацаніць рэакцыю рэспандэнтаў. Сёлета тэстуюць таксама магчымасць правядзення кампаніі праз планшэт.

– Планшэт пры перапісе – гэта эканомія, – тлумачыць Антон. – Нават нягледзячы на тое, што на пакупку планшэтаў будзе выдаткавана немалая сума. Ранейшыя папяровыя бланкі, якія трэба надрукаваць, іх перавозка, распазнаванне – гэта ўсё было вельмі дорага. Таму з планшэтамі мы, у першую чаргу, эканомім грошы. Па-другое, такі спосаб значна паскорыць апрацоўку дадзеных, павысіць іх якасць.

Мы адразу павысілі кантроль адказаў. І адказы з серыі “нарадзіўся ў Нарніі” праз планшэт больш не пройдуць.

Перапісчыкі карыстаюцца планшэтамі на 10 і 7 цаляў. У асноўным перапісе, прызначаным на кастрычнік 2019 года, будзе ўдзельнічаць 15 000 чалавек, якіх забяспечаць па планшэту. Тут будуць працаваць работнікі дзяржорганаў, будуць прыцягваць валанцёраў, студэнтаў.

Пасля працэдуры частку гаджэтаў пакінуць у статыстычным камітэце для правядзення наступных даследаванняў. Мяркуецца, што большую частку перададуць Міністэрству аховы здароўя, якія вядуць праект па забеспячэнні планшэтамі работнікаў “хуткай дапамогі”. Гэта дазволіць доктару на месцы прыезду ўвесці ідэнтыфікацыйны нумар хворага і атрымаць доступ да яго медкарткі, убачыць, на што ў яго алергія і іншыя звесткі.

Для чаго трэба перапіс

Перапісы ладзяць для таго, каб сабраць сацыяльна-эканамічна важныя паказчыкі, якія дапамогуць складаць дэмаграфічныя і іншыя прагнозы. Гэтыя звесткі дапамогуць прааналізаваць існуючую сітуацыю і ацаніць, як далей развіваць рэгіёны.

– Мы запісваем са слоў рэспандэнтаў. Калі ён не хоча адказваць на пытанне – мы не настойваем. Плануем, што на асноўным перапісе мы зможам падцягнуць ідэнтыфікацыйны нумар, каб чалавек мог назваць нумар, перапісчык увёў і атрымаў ужо запоўненыя графы пашпартных дадзеных. Калі рэспандэнт не захоча даваць нумар, то гэтыя звесткі будуць запісваць з яго слоў.

Калі дадзеныя апрацуюць, яны будуць патрэбныя многім ведамствам, многія інстытуты, Акадэмія навук пры сваіх даследаваннях запытваюць звесткі Белстат. Гэта інфармацыя патрэбна і для бізнесу, каб разумець аўдыторыю, для якой плануюць працаваць.