Так аднойчы на навязлівыя пытанні пра тое, ці не шкодзіць стрыжка сабакам, давялося адказаць Ірыне Жаркевіч, грумеру з Мала­дзечна. 

– Сабак абавязкова трэба стрыгчы прыкладна раз на тры месяцы. Па-першае, гэта пазбавіць гаспадара ад лішняй поўсці ў кватэры, па-другое, сабаку самому будзе лягчэй, а па-трэцяе, гэта проста прыгожа.

Грумер – гэта “сабачы” цырульнік. Зрабіць стрыжку, пачысціць гадаванцу вочы і вушы, па-моднаму выбрыць узор на каце ці сабаку, ці нават зрабіць тату бліскаўкамі – гэта ўсё ўмее рабіць і робіць Ірына.

Жанчына займаецца грумінгам амаль два гады.

– Пачалося ўсё з дэкрэтнага адпачынку. Я да яго працавала правадніцай. Вядома, з малым дзіцем больш на гэту работу я выйсці не магла. Стала шукаць нейкія курсы, выпадкова спадабаўся грумінг. Успомніла, што ў дзяцінстве марыла стаць цырульнікам, вось і стала.

Часцей за ўсё Ірыне даводзіцца наводзіць прыгажосць ёркшырскім тэр’ерам.

– Не таму, што яны самыя калматыя, а таму, што яны вельмі распаўсюджаная парода. У апошні час дадаліся шпіцы, шы-тсу.

У сярэднім стрыжка ёрка займае 2-3 гадзіны.

– Трэба ўлічваць яшчэ характар сабакі. Чым раней гаспадары прыводзяць сабак на стрыжкі, тым больш спакойна пасля вядзе сябе гадаванец у цырульніка на прыёме.

Быў у Ірыны выпадак, калі на стрыжку прывялі двухгадовага сабаку.

– Ён увогуле не разумеў, што з ім робяць. Скавытаў, вырываўся, кусаўся. Таму я раю гаспадарам прыводзіць на гігіенічную стрыжку, пачысціць вушкі, вочкі сабачку, калі яму паўгода, каб ён прывыкаў да таго, што наведванне цырульніка – гэта не балюча.

Здаралася ў Ірыны і такое, што сабака кусаўся.

– Бывала. А вось магу вам свой фартух паказаць. Ён увесь у слядах ад лапаў аднаго пудзеля. Гаспадыня папярэ­дзіла, што яе сабака вельмі актыўна праяўляе любоў і пяшчоту. І вось стрыгу. Як толькі я спынілася на хвілінку, той пудзель скакаў на мяне, лізаў, абдымаў лапамі.

Грумінг – занятак не танны. Каб падстрыгчы аднаго сабаку, трэба машынка, да яе некалькі нажоў, некалькі расчосак, пухадзёрак.

Машынка, да прыкладу, каштуе 150 долараў. Нож да яе – 50.

– Трэба набываць і наморднікі – на той выпадак, калі гаспадар забудзецца ўзяць яго з сабой. Стол для стрыжкі павінны быць асаблівы, са штатывам. 

Акрамя сабак, у стрыжках маюць патрэбы і каты. А вось трусікаў стрыгчы нельга ні ў якім разе.

– Быў выпадак, калі жанчына прасіла мяне падстрыгчы трусіка. Я адразу адмовілася, бо ў іх шкурка быццам папера, вельмі лёгка параніць. У трусікаў трэба шчыпаць поўсць. І вось тая жанчына пасля званіла і скардзілася, што яе гадаванца ўсё ж падстрыглі, а ён тую працэдуру не перажыў.

Цяжэй за ўсё працаваць з тымі, хто просіць падстрыгчы жывёлу “як-небудзь”

– У кожнага майстра, – расказвае Ірына, – цэлы галаўны боль, калі гаспадары жывёл прыносяць раздрукаваны здымак з інтэрнэта і просяць гэтак жа падстрыгчы іх сабаку ці ката. Прытым, бяруць фоткі відавочна адфаташопленыя. Ім пачынаеш тлумачыць, што трэба ўлічваць пароду жывёлы, асаблівасці яго поўсці.

Модным у апошні час стала рабіць гадаванцу тату бліскаўкамі.

– Вядома, гэта бяспечна для здароўя гадаванца. У мяне самой кот пароды сфінкс, дык на ім тату не трымаецца, скочваецца. Трэба, каб мінімальная была ­поў­сць.

Самыя папулярныя сюжэты тату для сабак  – лапкі, зорачкі, кветачкі, матылькі.

Больш над сабакамі, як ні дзіўна, трасуцца мужчыны.

– Для жанчын, напэўна, наведванне салонаў рэч звычайная. А вось мужчыны, сапраўды, радуюцца новай прычосцы свайго гадаванца як дзеці. Ой, часта даводзіцца чуць ад мужчын: “А якія ў нас лапачкі, а які прыгажун!”

Сярэдні кошт стрыжкі сабакі – 20 рублёў.

Ірына прызнаецца, што спецыялісту-грумеру даводзіцца ўвесь час вучыцца, наведваць выставы і майстар-класы.

– Ведаеце, калі тэлефануюць і пытаюцца, ці змагу я падстрыгчы брусельскага грыфона або бедлінгтана-тэр’ера, я задумваюся, што гэта ўвогуле за парода. Таму вучыцца трэба заўсёды. Вось не так даўно сказала мужу, што хачу пайсці на курсы хэндлераў. Муж адказаў: “Канешне, ідзі”. А потым дадаў: “А што гэта?”.

А гэта спецыяліст, які рыхтуе сабаку да выставы. Вось як.