УСК па Мінску працягваецца расследаванне крымінальнай справы аб забойстве 21-гадовай ураджэнкі Гомельскай вобласці вечарам 5 кастрычніка, паведаміла ў сваім фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.

Цела дзяўчыны знайшоў на вуліцы Васняцова кіроўца таксі. На працягу некалькіх гадзін у выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў быў устаноўлены падазраваны, 21-гадовы ашмянец, знаёмы загінулай, ён затрыманы.

Падзеі адбыліся ў прыватным доме, размешчаным у праездзе Весніна ў сталіцы, на адлегласці каля 100 метраў ад месца выяўлення дзяўчыны.

Са слоў падазраванага, паміж ім і знаёмай паўстаў канфлікт на глебе асабістых узаемаадносін, падчас якога ён схапіў яе за шыю і некаторы час трымаў. Усвядоміўшы, што здзейсніў забойства, мужчына паспрабаваў схаваць сляды злачынства і пазбавіцца ад цела.

Менавіта ў гэты працэс і ўмяшаўся таксіст.

Экспертамі праводзяцца даследаванні па справе, у тым ліку судова-медыцынская і комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертызы. Папярэдне ўстаноўлена, што смерць дзяўчыны наступіла ад асфіксіі ў выніку здушэння органаў шыі.