Такую карцінку вольнага часу пенсіянераў бачыць жыхар Маладзечна Леў Чырвонцаў. Наколькі гэты вясёлкавы вобраз адпавядае рэальнасці. Што прапануе Маладзечна пенсіянерам? І чаго не хапае ім?

Каб адказаць на гэтыя пытанні, мы зладзілі ў рэдакцыі круглы стол, на які запрасілі начальніка маладзечанскага парку імя Перамогі Аляксандра Фалея, псіхолага маладзечанскага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Анжэлу Клінцэвіч, а таксама пенсіянераў Мікалая Ката з Трапалава і Льва Чырвонцава з Маладзечна.

Леў Чырвонцаў: раней пра пенсіянераў клапаціліся прадпрыемствы. А цяпер?

Льва Чырвонцава бацька прывучаў да працы з маленства.

– Ён кожны дзень прымушаў мяне акучваць бульбу, – прыгадвае Леў Раманавіч. – Тады я злаваў на бацьку і толькі потым зразумеў, што такім чынам ён вучыў мяне працаваць.

І да пенсіі, і на пенсіі мужчына працаваў на такарным і свідравальным станку. Шмат стварыў рамак з дрэва для мастацкіх прац жонкі і дачок. У апошні час здароўе не тое, таму больш чытае. А яшчэ сам напісаў кнігу “Асколкі гісторыі: пра час і пра сябе”.

– Зрабіў гэта для дзяцей і для ўнукаў, – распавядае Леў Раманавіч. – Праўда, змест кнігі не зусім адпавядае афіцыйнай лініі, таму ў Маладзечне друкаваць адмовіліся. Знайшоў магчымасць у сталічным выдавецтве.

На думку Льва Раманавіча, праблема старых бацькоў і дзяцей існавала заўсёды ва ўсіх народаў. Так, на поўначы старых пакідалі замярзаць. А ў азіятаў, наадварот, чым старэйшы чалавек, тым больш яму гонару.

Танцпляцоўкай у парку Леў Чырвонцаў не задаволены.

Танцпляцоўкай у парку Леў Чырвонцаў не задаволены.

У нашым грамадстве з вольным часам на пенсіі, лічыць Леў Раманавіч, пэўныя праблемы ёсць:

– Вось выйшаў чалавек на пенсію – і адразу зрабіўся непатрэбным. А раней пра сваіх пенсіянераў клапаціліся прадпрыемствы, – прыгадаў Леў Раманавіч.

Мужчына добра ведаў прадпрыемства “Электрамодуль”. Тады там было некалькі гурткоў мастацкай самадзейнасці. І былыя супрацоўнікі, хоць і сыходзілі на пенсію, працягвалі ўдзельнічаць у іх працы.

Да таго ж кіраўніцтва заводаў заўсёды запрашала пенсіянераў на ўрачыстыя сходы і канцэрты. А бліжэй да канца 1980-х пенсіянераў перасталі пускаць нават на прахадную.

Таму пытанне, чым заняць сябе на пенсіі, стала актуальным.

У “Рэгіянальнай газеце” Леў Раманавіч прачытаў матэрыял, дзе пенсіянер скардзіцца на танцпляцоўку ў маладзечанскім парку, і гэтага пенсіянера падтрымаў.

– Вы чулі, як называць тое месца, дзе танцуюць сталыя людзі? – узрушаўся мужчына. – Скатабойня! Звярынец! А старым людзям трэба рухацца, трэба мець нейкія зносіны!

Да таго ж, па назіраннях Льва Раманавіча, у парку ўздоўж вуліц недастаткова лавачак, а пенсіянеры не заўсёды здолеюць прайсці нават і невялікую адлегласць, калі няма дзе прысесці адпачыць.

– Да мяне нават добры сябар не прыходзіць праз тое, што ў парку на яго шляху зусім няма лавак, – падзяліўся мужчына.

Аляксандр Фалей: у парку дзеці і сталыя людзі – самыя ганаровыя госці

– Вы былі ў парку на танцах? – пачаў Аляксандр Фалей з пытання да Льва Чырвонцава.

Пачуўшы адмоўны адказ, сказаў, што ён гаворыць сам за сябе і распавёў, якім чынам у парку з’явіліся вечары адпачынку для сталых:

– Танцы для пенсіянераў з’явіліся таму, што я прыслухаўся да просьбаў людзей. А ўвогуле, мы цяпер працуем пад “Камунальнікам”. І нашы абавязкі – гэта арганізаваць катанне на атракцыёнах, прыбраць і добраўпарадкаваць парк. Забавы, у тым ліку для пенсіянераў, у нашы абавязкі не ўваходзяць.

Самыя ганаровыя, жаданыя госці ў парку – гэта дзеці і сталыя людзі, лічыць Аляксандр Фалей. Таму па сваёй дабрыні, прыслухаўшыся да просьбаў, начальнік парку ўсё ж вырашыў зладзіць вечары адпачынку.

Рабіць танцы Аляксандра Фалея вельмі прасілі пенсіянеры.

Рабіць танцы Аляксандра Фалея вельмі прасілі пенсіянеры.

– Разумеў, што няма ні добрага месца, ні спецыялістаў для такіх забаў. Але сталыя людзі вельмі прасілі, – прыгадаў Аляксандр Міхайлавіч. – І вы б бачылі, якія прыгожыя жанчыны прыходзяць на танцы, як яны танцуюць!

У маладзечанскі парк пачалі нават прыязджаць людзі з іншых гарадоў. Начальнік парку прыгадаў выпадак, як на дыскатэцы для сталых пазнаёміліся жанчына з Вілейкі і мужчына-італьянец. Доўгі час гэтая пара разам хадзіла на танцы. А цяпер іх не відаць. Магчыма, з’ехалі ў Італію.

Начальнік парку за ўласныя грошы набываў дыскі са старымі песнямі і ладзіў дыскатэкі. Для яго, творчага чалавека, дастаткова было бачыць шчаслівыя вочы пенсіянераў і чуць шчырае “дзякуй”.

Аднак усім усё падабацца не можа. Некаторыя пачалі выказвацца, што, займаючыся танцамі, начальнік не выконвае сваіх прамых абавязкаў. Знайшліся незадаволеныя і сярод наведнікаў дыскатэкі. Пачалі нават скаргі пісаць.

– Гэта падзякі ў нас неяк не вельмі заўважаць, а скаргі адразу, – кажа Аляксандр Міхайлавіч.

Па словах начальніка парку, у яго былі вялікія планы. Хацеў знайсці магчымасці, каб збіраць пенсіянераў зімой, ладзіць дыскусіі, абмен досведам. Напрыклад, па пытаннях агародніцтва і дачы.

– Аднак нарэшце вырашыў, няхай з пенсіянерамі займаюцца спецыялісты – людзі, у якіх ёсць адукацыя і якія атрымліваюць за гэта грошы, – растлумачыў сваё рашэнне ўдзельнікам круглага стала Аляксандр Фалей.

Цяпер танцы ў парку праводзіць цэнтралізаваная клубная сістэма. 17 верасня скончыўся сезон, таму танцаваць сталыя людзі будуць у Палацы культуры чыгуначнікаў.

Пенсіянеры, на думку Аляксандра, заклапочаныя праблемай вольнага часу з-за параўнальна невялікай пенсіі.

Каб было ў сталых людзей дастаткова грошай, яны б не думалі, чым заняцца. Набылі б пуцёўкі – і паехалі падарожнічаць за мяжу, пажартаваў начальнік парку.

– Шануйце сябе, шукайце ў розных пачынаннях, не марнуйце сваё жыццё на пошук недахопаў ва ўсім і давайце дарогу маладым, няхай яны будуюць гэтае жыццё і гэтую краіну, – пажадаў пенсіянерам Аляксандр Фалей. – А мы будзем да вас ставіцца з любоўю і павагай.

Анжэла Клінцэвіч: звяртаюцца з тэмамі адзіноты і п’янства блізкіх

Псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва распавяла, як са сталымі людзьмі ў Маладзечне працуе цэнтр.

Такіх патрэбных сёння камп’ютарных курсаў тут няма. Прычына – грошы. Патрэбнае памяшканне, чалавек, які будзе выкладаць, і самі камп’ютары.

Аднак у цэнтры працуюць па-іншаму. Раней дзейнічаў клуб сталых людзей “Залатая восень”. Цяпер яго месца заняў “Мудры ўзрост”. У ім крыху больш за 30 чалавек.

Да псіхолага Анжэлы Клінцэвіч сталыя людзі звяртаюцца з праблемамі адзіноты і п'янства блізкіх.

Да псіхолага Анжэлы Клінцэвіч сталыя людзі звяртаюцца з праблемамі адзіноты і п’янства блізкіх.

З наведнікамі праводзяць гутаркі па здаровым ладзе жыцця, прафілактыцы суіцыду і п’янства. Ладзяць гутаркі з медыкамі.

Шмат сяброў клуба – цікавыя і творчыя асобы. Многім ёсць што расказаць пра сябе. Таму з дапамогай супрацоўнікаў цэнтра наведнікі ствараюць прэзентацыі, распавядаюць пра сваё жыццё і захапленні. Клуб збіраецца раз на месяц.

На працягу некалькіх месяцаў у цэнтры ладзілі праект “Школа прыгажосці”. Сталыя жанчыны і дзяўчаты-падлеткі разам вучыліся даглядаць за сабой, рабіць макіяж. Давалі адна адной парады.

У Цэнтры працуе тэлефон даверу. Самыя распаўсюджаныя тэмы, з якімі тэлефануюць сталыя людзі, гэта адзінота і п’янства блізкіх.

У практыцы Анжэлы частыя выпадкі, калі ўжо дарослыя дзеці не працуюць, п’юць, забіраюць у бацькоў грошы, б’юць іх.

Анжэла перакананая: такія выпадкі нельга хаваць. Варта выклікаць міліцыю, якая складзе пратакол і накіруе саракагадовае “дзіця” на прымусовае лячэнне.

Па словах псіхолага, часам людзі паміраюць у хуткім часе пасля таго, як выйдуць на пенсію. Гэта з-за таго, што перастаюць адчуваць сацыяльную значнасць.

– Жанчыне ў гэтым плане прасцей, – заўважыла Анжэла. – Яна ўвесь час, і на пенсіі, думае пра тое, што трэба прыгатаваць ежу, прыбраць у хаце. А вось мужчынам цяжка.

На думку Анжэлы, з выхадам на пенсію ў людзей адкрываюцца новыя далягляды. У гэты час трэба абавязкова вучыцца нечаму новаму. Пакуль чалавек вучыцца, пакуль ён некаму патрэбны, не прыходзіць старасць.

Мікалай Кот: вяду запісы надвор’я, займаюся агародам і вінаграднікам

Сябар клуба “Мудры ўзрост” Мікалай Кот “не парыцца”, чым заняць сябе на пенсіі. З малых гадоў прывык працаваць. Бацькі ў яго не было, жыў з мамай-інвалідам, пасля ў дзіцячым доме.

На Маладзечаншчыне з канца 1960-х гадоў. Мае вялікую хатнюю бібліятэку, у якой каля 700 кніг.

Пенсіянер працуе на ўласным агародзе, вырошчвае вінаград і грэцкія арэхі.

На працягу 14 год кожны дзень двойчы запісвае надвор’е.

– Сёння да вас на круглы стол паехаў, таму надвор’е жонка запіша, – падзяліўся Мікалай Мікалаевіч.

Мікалай Кот – актыўны пенсіянер. Ён сябар клуба “Мудры ўзрост” і “Саюза палякаў у Беларусі”.  Ад Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання збіраецца ў паездку ў Арэхава-Зуева, каб падзяліцца жыццёвым досведам з іншымі пенсіянерамі.

І ўсё ж Мікалай лічыць, што актыўнасці яму бракуе. Каб у горадзе жыў, абавязкова б у хор ветэранаў запісаўся, а можа б, і на танцы схадзіў.

Фота Зоі Хруцкай.