З пытаннем, як можна прыбраць чужое дрэва, звярнулася чытачка «РГ» Ганна:

– Каля бабулінай хаты па вуліцы Паўночная расце агромністая старая бяроза. Яна тонкая і з-за ўзросту ўжо трухлявая. Кожны раз, калі вецер узмацняецца, рызыкуе зваліцца на дарогу, дзе ходзяць мінакі, дзеці ў школу, ездзяць машыны, ці на электрычныя правады! Вельмі блізка праходзіць газаправод. Так як дрэва ў прыватным двары, адпаведныя службы пытанне не вырашаюць. Спадзяёмся, што кантралюючыя органы звернуць увагу да нашай небяспечнай сітуацыі. Не хочацца дачакацца чарговай трагедыі на вуліцы!

Намеснік начальніка «Зеленапаркавай гаспадаркі УП Камунальнік» Таццяна Жалнеровіч патлумачыла: каб дрэва спілавала іх арганізацыя, неабходны дазвол уласніка ўчастка, на якім яно расце. Калі гаспадар згодны, павінен аплаціць паслугі ўстановы. Цана вырубкі дрэва залежыць ад яго вышыні і дыяметра, ад колькасці тэхнікі, якую патрэбна прыцягнуць да справы.

Калі жыхары лічаць небяспечным дрэва не на прыватнай тэрыторыі, могуць падаць заяву ў Зеленапаркавую гаспадарку. На месца выедзе камісія, якая дасць заключэнне, ці сапраўды дрэва аварыйнае. Калі так – яго ссякуць. Калі не – могуць абрэзаць галінкі.

У сітуацыі, калі суседзі лічаць, што дрэва на чужым участку аварыйнае, супрацоўніца зеленапаркавай гаспадаркі раіць тактоўна пераканаць у гэтым уласніка.

У юрыдычным аддзеле УП «Камунальнік» патлумачылі, што суседзі ў любым выпадку могуць звярнуцца па дапамогу да службы. Для гэтага дастаткова падаць пісьмовы зварот, прычым можна як даслаць па пошце ці напісаць адразу ва ўстанове, так і даслаць па электроннай пошце.

На кожны зварот работнікі «Камунальніка» абавязаныя рэагаваць. На месца прыедуць спецыялісты, якія правераць, ці сапраўды дрэва небяспечнае. Рашэнне аб яго далейшым лёсе будуць прымаць пасля праверкі.