У пачатку студзеня з’явіўся “Айфон-1”, пачалася новая эра ў мабільнай сувязі. 

А вось эпоха Гары Потэра ў 2007 годзе наадварот закончылася. У гэтым годзе выйшла апошняя, сёмая, кніга пра маленькага чараўніка. Сусветны кінапракат ірве Джэк Верабей і трэцяя частка “Піратаў Карыбскага мора”, а ў Беларусі і рэгіёне было сваё мора падзей.

Лічыльнікі вады

Ужо дзесяць год, як у нашых кватэрах стаяць лічыльнікі на ваду. У 2007 годзе па нормах, па якіх плацілі спажыўцы, выходзіла 260 літраў вады ў суткі. Не цяжка падлічыць, колькі нам цяпер удаецца зэканоміць.

“Додж-Караван” насмерць збіў двух падлеткаў

10 гадоў мінула з той страшнай трагедыі, пра якую, упэўненая, памятаюць і сёння. У Мала­дзечне на пешаходным пераходзе ля парку аўтамабіль, які не спыніўся, збіў насмерць брата і сястру. Падлеткам было 14 і 15 гадоў адпаведна.

“Рэгіянальная газета” пісала: “Машына, якая ехала па першай паласе, прытармазіла, каб прапусціць маладых людзей, чаго не зрабіў “Додж-Караван”. Адбыўся наезд, пасля чаго іншамарка знікла”. 22-гадовага кіроўцу тады знайшлі ля дэпо чыгуначнай станцыі Маладзечна. Па словах міліцыянера, у якога бралі каментар, хлопцу пагражала да сямі гадоў зняволення.

Каток залівалі на стадыёне

Эх, каб цяпер вярнуць гэту традыцыю. Уявіце, які б каток атрымаўся. Але надвор’е ў апошнія гады ў Беларусі зусім не зімовае. Нават у 2007-м у пачатку лютага была адліга. І дзесяць гадоў таму гэта зада­вальнен­не было нятанным.

Новы нумар экстранных службаў – 101, 102 і 103.

Ад 31 сакавіка 2007 года змяніліся нумары экстранных службаў. Зроблена гэта было для таго, каб прывесці нумары гэтых службаў да міжнародных стандартаў. А вось што цікава: да 2008 абяцалі, што замест міжнароднай “васьмёркі”  будзе два нулі, на міжгорад – адзін 0.

Дом з пакватэрным ацяпленнем

10 гадоў таму ў Мала­дзечне па вуліцы Прытыцкага, 8-а пабудавалі першы дом з пакватэрнай сістэмай ацяплення.

Тагачасны дырэктар “Барыта” распавядаў, што ў доме праведзеныя толькі газ і халодная вада. А абаграваецца жыллё невялічкім катлом, што ўсталяваны ў кухні кватэры.  Казалі, што выгада для жыхароў будзе відавочная. І на момант здачы дома ў ім была пустая толькі адна аднапакаёвая кватэра.

Маршрутка да Мінска

10 гадоў таму з Маладзечна ў Мінск сталі хадзіць маршруткі. У інтэрв’ю маладзечанцы казалі: “Сёння ўпершыню праехаў на маршрутцы. У электрычку больш не сяду ніколі”. А дырэктар прадпрыемства “Маркізет-Стыль” Андрэй Брагін казаў: “Цяпер на рэйсе працуюць дзевяць машын. Кошт білета – 5 тысяч”. На электрычку ж у 2007 годзе білет каштаваў 3 960 рублёў.

Стыхія спыніла фестываль

Многім маладзечанцам фестываль 2007 года помніцца і сёння, калі падчас канцэрта грымнула навальніца і пайшоў такі лівень, што ў спевакоў павыключаліся мікрафоны, а ў тэлевізійнікаў – камеры. У прынцыпе, лета было гарачае, таму многія маладзечанцы з канцэрта дадому… плылі, у літаральным сэнсе гэтага слова. Вада, кажуць відавочцы, на рагу вуліц Віленскай і Вялікі Гасцінец была амаль па пояс.

МАЗ уехаў у прыпынак

У лістападзе 2006 года здарылася яшчэ адно страшнае і рэзананснае ДТЗ. Тады аўтамабіль МАЗ літаральна расплюшчыў павільён аўтобуснага прыпынку ў вёсцы Цюрлі. У той трагедыі загінулі трое жанчын, што чакалі аўтобус. А ў чэрвені 2007 года суд пакараў кіроўцу сямі гадамі зняволення.

Чыгуначны вакзал на рэстаўрацыі, школу зруйнавалі

У ліпені 2007 года замест прыгожага будынка са стогадовай гісторыяй  маладзечанцы і госці горада бачылі толькі амаль разбураны будынак, без даху і вокнаў. Затое абяцалі зрабіць прыгажосць. І абяцанне выканалі.

А ў Насілаве будынак школы не рэстаўравалі, а наўпрост знішчылі з-за пагрозы абрушэння.

А Вілляна да гэтага часу ўсё кліча жаніха

31 кастрычніка ў Вілейцы з’явілася скульптура Вілляны. З’явілася яна з легенды пра тое, што Вілляна, або Ульяна, кахала Сцяпана. А той з невядомай прычыны ператварыўся ў камень. Дзяўчына гаравала і плакала над ім. І з яе слёз пачалася рака Вілія.

Скульптар Уладзімір Слабодчыкаў расказваў:

– Вобраз Вілляны – наш, тыповы, беларускі. Наша жанчына адначасова і мяккая, і моцная, упэўненая. Бачыце, яна ў мяне не плача, як у легендзе, а кліча жаніха. Верыць, што ён вернецца, прыйдзе”.

У Валожыне рухнула бальніца, а ў Чысці зруйнавалі Дом культуры

“Пачуўшы моцны незразумелы шум каля шасці раніцы ў нядзелю, 9 снежня, жыхары прыватных дамоў на вуліцы Горкага падумалі, што здарылася дарожная аварыя. На самой справе, гэта абрушылася частка недабудаванага корпуса бальніцы”.

Будынак у Чысці ўзарвалі 10 снежня. У адрозненне ад Валожынскага незапланаванага разбурэння, знос Дома культуры ў Чысці быў запланаваны. Ён ужо не выкарыстоўваўся 12 гадоў.

– Стаў непрыдатны для эксплуатацыі пасля таго, як у сістэме, выве­дзенай на гарышча, палопаліся трубы, – распавядаў у 2007 годзе старшыня Чысцінскага сельсавета Генрых Кутас. – Аварыя была сур’ёзная. Драўляныя перакрыцці ад вады набрынялі і правіслі. Будынак прый­шлося закрыць як аварыйны. Ён будаваўся, калі ў Чысці было тысячу жыхароў, і быў разлічаны на 100 месцаў. Сёння  ў  Чысці жыве 5 300 жыхароў.

Першая опера ў Маладзечне

У 2007 годзе Мала­дзечанскі моладзевы музычны тэатр пад кіраўніцтвам  Рыгора Сарокі паставіў першую мала­дзечанскую оперу Пятра Чайкоўскага “Іаланта”.  Ролі тады выканалі выкладчыца музычнага вучылішча Наталля Шыбко, навучэнцы вучылішча Уладзімір Дзмітрук, Анатоль Сіўко, Арцём Хамічонак, Павел Валужын і Яна Янэль.

Вось так з турботамі і песнямі “Рэгіянальная газета” перажыла 2007 год, які пачаўся ў паня­дзелак.