Як распавядаў падчас рэканструкцыі “Рэгіянальнай газеце”  Алег Гаўрышчук, намеснік начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама, імкнуліся стварыць сучасны спартыўны комплекс.

На абноўленым стадыёне – сучасныя трыбуны з яркімі пластыкавымі сядзеннямі. Тут могуць размясціцца 730 балельшчыкаў.

На футбольным полі – новае пакрыццё. Пад­час рэканструкцыі вырашалі, якое абраць лепш. Спыніліся на штучным.

У чаканні адкрыцця.

У чаканні адкрыцця.

Традыцыйная стужка.

Традыцыйная стужка.

Паказальныя выступленні.

Паказальныя выступленні.

Вакол поля зрабілі бегавыя дарожкі. Ёсць дзе пагуляць у валейбол і баскетбол. А на пляцоўцы для варкаўтынгу ўжо займаюцца хлопцы з суседняй першай школы. Кажуць, што на стадыёне пляцоўка для варкаўтынгу лепшая, чым у парку. Тая старая і амаль уся паламаная.

Адрамантавалі таксама адміністрацыйны будынак стадыёна. Тут размясціліся душавыя, раздзявалкі, пакой для суддзяў. Каля стадыёна зрабілі паркоўку.

Цэнтр эпідэміялогіі таксама далучыўся да гарадскога свята.

Цэнтр эпідэміялогіі таксама далучыўся да гарадскога свята.

У будаўніцтве дапамагалі вілейскія прадпрыемствы, добраўпарадкаваннем тэрыторыі займаліся навучэнцы вілейскага каледжа і вучні і педагогі спартыўных устаноў горада.

Па словах Алега Гаўрышчука, усе гараджане змогуць займацца спортам на стадыёне. Цяпер вызначаюць расклад работы.

Вядучыя назвалі адкрыццё стадыёна галоўнай падзеяй года.

Вядучыя назвалі адкрыццё стадыёна галоўнай падзеяй года.

Чарлідзеры запальвалі публіку.

Чарлідзеры запальвалі публіку.

Нягледзячы на халоднае кастрычніцкае надвор’е, новыя трыбуны былі запоўненыя. Прыйшлі гараджане, вучні мясцовых школ, спартсмены.

У святочным парадзе ў гонар адкрыцця стадыёна ўдзельнічалі выхаванцы спартыўных устаноў, спартсмены-ветэраны, актывісты грамадскага аб’яднання “ЗОВіК”, аркестр і мажарэткі з дзіцячай школы мастацтваў, спартыўныя каманды, клубы і секцыі горада.

Адкрываў парад духавы аркестр дзіцячай школы мастацтваў.

Адкрываў парад духавы аркестр дзіцячай школы мастацтваў.

Удзельнікі параду неслі вялікі герб Вілейкі.

Удзельнікі параду неслі вялікі герб Вілейкі.

Вілейскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі таксама далучыўся да гарадскога свята.

– Мы вырашылі правесці акцыю “Вілейка – здаровы горад”, – распавёў доктар-гігіеніст Ягор Горбач. – Будзем праводзіць анкетаванне пра тое, як людзі ставяцца да здаровага ладу жыцця. А ўдзельнікі атрымаюць налепкі. У адміністрацыйным будынку працуе наша медсястра, у якой можна памераць ціск і атрымаць парады пра тое, як захаваць здаровае сэрца.

Футбаліст Аляксандр Шэры: вось каб яшчэ вялікую спартыўную залу

Аляксандра Шэрага з Ільі на адкрыццё запрасілі як спартсмена-ветэрана. Прыехаў пагля­дзець на свята і пагуляць на новым футбольным полі пасля афіцыйнай святочнай часткі.

– Свята шыкоўнае, – падзяліўся спартсмен. – Зрабілі шмат. Але ў Вілейцы па-ранейшаму няма вялікай спартыўнай залы, дзе маглі б праводзіць абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы па баскетболе і валейболе.

Па словах Аляксандра Шэрага, калі пачалі рэканструяваць стадыён, у спартсменаў была надзея, што недзе, магчыма, у адміністрацыйным будынку стадыёна, такая зала з’явіцца. Аднак стадыён рэканструявалі, а мара пакуль застаецца марай.

Ветэраны спорту.

Ветэраны спорту.

На парадзе.

На парадзе.

– А што вы скажаце пра пакрыццё новага футбольнага поля: лепш штучнае або натуральнае?

– Як паглядзець. Штучнае пакрыццё больш простае. За ім не трэба вялікага догляду. Але яно ўсё ж крыху больш траўманебяспечнае, чым натуральнае. Газон з натуральнай травы мякчэйшы, і падаць на яго ў спартыўных шортах больш прыемна.

Грамадскае аб'яднанне ЗОВіК у парадзе ўдзельнічала на роварах.

Грамадскае аб’яднанне ЗОВіК у парадзе ўдзельнічала на роварах.

Капітан футбольнай каманды “Вілія”: не ведаю, ці дазволяць нам трэніравацца

Па словах капітана футбольнай каманды “Вілія” Віталя Куляша, каб не страціць форму, каманда трэніравалася на стадыёне першай школы ў Вілейцы.

Віталь Кулеш: толькі стадыёна для футбольных перамог недастаткова.

Віталь Кулеш: толькі стадыёна для футбольных перамог недастаткова.

Аднак цяпер, калі стадыён з’явіўся, спарт­смены пакуль дакладна не ведаюць, ці будуць тут рэгулярна трэніравацца.

– Абласныя гульні дакладна будзем праводзіць на новым стадыёне, а вось наконт трэніровак пакуль не ведаем, – кажа Віталь. – Было б цудоўна, каб раз на тыдзень вілейскай футбольнай камандзе дазволілі тут трэніравацца.

І ўсё ж, на думку Віталя, сучаснага прыгожага стадыёна для развіцця футбола ў горадзе недастаткова.

Капітан ужо не раз ставіў пытанне пра тое, каб у Вілейцы адкрылі школу футбола ці хаця б аддзяленне пры спартыўнай школе, як, напрыклад, у Маладзечне.

– І вось тады, гадкоў праз дзесяць, мы зможам пабачыць вілейскіх зорак футболу, – лічыць Віталь.

Новая пляцоўка для варкаўтынгу дзецям падабаецца.

Новая пляцоўка для варкаўтынгу дзецям падабаецца.

Спявачка Аляксандра Мацкевіч (у цэнтры) і кампанія.

Спявачка Аляксандра Мацкевіч (у цэнтры) і кампанія.

На новых турніках.

На новых турніках.

Фота аўтара.