Здымак з фотапасткі атрымаўся нізкаякасным (ён зроблены а палове 3-й ночы), але дастаткова інфармацыйным, каб навукоўцы маглі пабачыць характэрныя рысы жывёлы: буйны памер (як янотавідны сабака і амаль як ліса), доўгія заднія ступні, шырокі хвост з выразнымі чорнымі палосамі. Украінскія навукоўцы пацвердзілі здагадкі беларускіх.

Каля 300 гадоў таму папуляцыя лясных катоў у Еўропе пачала рэзка скарачацца, хоць да таго яны былі вельмі шырока распаўсюджаныя. У XX стагоддзі ў шэрагу краін, у тым ліку ў Беларусі, лічылася, што дзікія каты вымерлі.

Апошняга ў Беларусі, як меркавалася, забілі ў 1927 годзе ў Барысаўскім раёне, і таго лічылі “госцем” з поўдня. Ва Украіне дзікія каты заставаліся ў Карпатах, але цяпер від стаў распаўсюджвацца на ўсход, дабраўся да левабярэжжа Дняпра, а магчыма, і да Беларусі.

– Будзем спадзявацца, што гэта не вандроўная адзінкавая асобіна і з’яўленьне яе ў запаведніку не выпадковасьць, – піша на Wildlife.by супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах Валеры Дамброўскі. – Як не было выпадковасцю з’яўленьне там жа рысі, мядзведзя, каня Пржавальскага [Перавальскага] і многіх іншых відаў, якія прайшлі свой шлях ад першай рэгістрацыі ў запаведніку да стварэння ўстойлівых лакальных груповак.

У Беларусі тым часам наўмысна вынішчаюць дзікоў, масава страляюць ваўкоў. А баброў паспрабавалі нават пускаць на каўбасу. Абаронцы жывёлаў таксама непакояцца наконт рысяў. Затое паступова павялічваецца колькасьць зуброў, аленяў і лосяў, атрымалася адрадзіць папуляцыю еўрапейскай норкі.