Ніхто не спрачаецца, што восенню самы час перагледзець усе любімыя фільмы. І ў каторы раз абмеркаваць, што раней здымалі лепш. 

Але чамусьці ўсе забываюцца пра мульцікі, дзеля якіх прачыналіся ў восем раніцы ў нядзелю, таму што  праграме тэлеперадач быў самы радасны радок: “Мультфільмы 8.00 – 9.00”.

А значыць цэлую гадзіну можна было насалоджавацца сустрэчай з дамавёнкам Кузем ці з папугаем Кешам.

Паступова мы раслі, мульцікі забываліся, на іх месца прыходзілі новыя героя: Шрэк і Кунг-Фу Панда, зверы з “Ледніковага перыяду” ці з “Таямнічага жыцця хатніх жывёл”.

А хто цяпер успомніць  Чучала-мявучала, Мурлакатама, парася Фунціка.

Вы абавязкова ўспомніце, калі прачытаеце гэты тэкст. А відэа будзе.

1. Мароз Іванавіч.

Казка пра двух сястрычак Дашу і Малашу. І Мароза Іванавіча, які аднойчы праз вакно ўбачыў, як Даша завіхаецца, каб дапамагчы бабулі, а Малаша “даглядае сон”. Аднойчы сёстры трапілі ў дом да Мароза Іванавіча. І той кожную ўзнагародзіў па заслугах. Мульцік пра тое, што трэба быць працавітым і не ленавацца.

2. Чароўны пярсцёнак.

Вельмі добры мульцік пра Ваню, які жыў бедна. І аднойчы пайшоў на базар, каб прадаць сваё адзенне , “пінжак з карманАмі”, каб купіць ежы, але выменяў яго на котку, сабачку і змейку, якіх мучыў іх гаспадар.  А змейка аказалася дачкой змяінага цара і падарыла Ваню чароўны пярсцёнак. Здавалася б, жыві цяпер і радуйся, але Ваня вырашыў ажаніцца з дачкой цара Уллянкай.

Мультфільм варта глядзець і таму, што словы аўтара чытае Яўген Леонаў.

3. Кентэрвільскі прывід

Мульцік па матывах твора Оскара Уальда. У замку жыве прывід, але часы,калі ён палохаў жыхароў, прайшлі.Цяпер на яго палююць жыхары замка – два хлопчыкі. І толькі старэйшая дачка Віргінія пашкадавала прывід. А што будзе, калі чыстая і бязвінная душа пашкадуе прывід? Убачыце ў мульціку. 

4. Вялікі Ух

Мультфільм пра незвычайную істоту Вялікага Уха, які чуе, што адбываецца ў космасе на Планеце Кансерваў, але не чуе, што ў лесе жывуць звяры, якім патрэбна дапамога. Той самы мульцік, у якім гучыць песенька пра вясёлых медуз. І менавіта ў гэтым мульціку філін напрошваецца на чай да ваўчаняці, але абавязкова з казінакамі…

5. Чарцяня № 13

Вельмі вясёлы мульцік пра школу, дзе чарцянятам задаюць хатняя заданне – давесці да слёз бацькоў. І нічога для гэтага не трэба: толькі сказаць эні-бэні-раба і шчоўкнуць хвастом. Але калі твой нумар 13 і замест непрыемнасцяў, ты можаш толькі ствараць букеты кветак?

6. Сястрычкі-звычкі

Мультфільм пра хлопчыка Андрушу Шумелкіна і яго звычкі, якія ў мультфільме прадстаўленыя ў выглядзе трох вясёлых сястрычак: Капрызулькі, Каніцелькі і Неахайкі. І песня , якая запомнілася з дзяцінства: “Виноваты в том сестрички, нехорошие привычки, а Андрюша ни при чем”.

7. У сінім моры, у белай пене

Прызнацца шчыра, гэты мульцік ніколі не быў любімым у дзяцінстве. Але рыба ў паліто, якая спявала песню, запомнілася надоўга.

8. Крылы, ногі, галоўнае хвост

Мультфільм, які даўно разабраны на цытаты.

– Ляцім туды, дзе шмат смачнага. Столькі? Столькі!

9. Пра Веру і Анфіску

Бацьку дзяўчынкі Веры ў марскім порце падарылі малпачку, якую ён прынёс дадому. На сямейным савеце вырашылі, што раз малпачка есць і цыбулю і бульбу, і маме не трэба звальняцца з працы, каб бегаць па магазінах і шукаць бананы, то хай жыве. А тое, што ад малпачкі куча праблем, гэта высветліцца пазней.

10. Казка пра старое эха. Вельмі мудры і светлы мультфільм пра тату ліса і яго сына, які аднойчы пазнаёміўся з эхам. Як высветлілася, старое эха памятае тату лісяняці яшчэ маленькім…

11. Дыназаўрык. Чароўны мультфільм пра дыназаўрыка і Мурлакатама. Паглядзіце, вы абавязкова ўспомніце гэты мульцік. “І ты такая рагатая супраць мяне”, – узрушаўся сквапны Мурлакатам.  Але што ён адзін супраць сяброў, якія захацелі на востраве вырасціць чароўны сад?

12. Прынцэса і людаед

Музычная гісторыя пра чароўную… ці жудасную прынцэсу і жудаснаг а… ці чароўнага людаеда, якая здарылася ў  чароўнае ці жудаснае надвор’е.

13. Падарунак для слана

Вясёлы, задорны мульцік пра сяброў: тыграня, малпачку і слоніка і зладзейку Дзюдзюку Барбадоскую, мэта якой рассварыць усіх сяброў на планеце.

14. Нехачуха

– Маладзец, вырасцеш, станеш вялікім нехачухам… Мультфільм пра хлопчыка, які не любіў дапамагаць бабулі, але любіў катацца на каруселях і есці марожанае. І вось аднойчы ён сустракае таго самага Вялікага Нехачуху, але ці захоча хлопчык быць падобным на яго?

15. Крошка Янот.

Топ-15 савецкіх мульцікаў быў бы няпоўным без гэтага мульціка пра чароўную сілу ўсмешкі. Глядзіце, падпявайце герою мульціка і ўспамінайце дзяцінства.

А якія б мультфільмы ўвайшлі ў ваш топ?