100 гадоў таму, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, новыя савецкія святцы сталі запаўняцца дзіўнымі імёнамі. Калі Даздраперма – імя даволі вядомае, то Карм, Жалдора, Гласп выклікаюць усмешку. 

Мы сабралі гісторыі беларусаў, якія носяць савецкія імёны.

Акцябрына: назвалі ў гонар 40-годдзя Кастрычніка

Акцябрыне сёлета спаўняецца 60 гадоў. Імя дзяўчынцы давалі свядома, бо бацькі былі  шчырымі камуністамі.

– Імя падабаецца. У дзяцінстве называлі Рынай. Цяпер зусім не атаясамліваю з рэвалюцыяй. Хутчэй з часам года.

Сталіна Душэнка: у мяне сябровак дзесяць з такім імем

Сталя, Сталачка, Сталіначка – так назвалі дзяўчынку, якая сваё імя ні разу не думала мяняць, як бы цяжка не даводзілася з ім жыць.

– Асабліва ў той час, калі было развянчанне культу Сталіна, даводзілася не проста. Бывала, смяяліся з мяне. Але імя гэта маё, і мяняць яго я не хачу. У мяне шмат сябровак і знаёмых, якія носяць такое самае імя.

Нінэль: назвалі ў гонар аграномкі

Нінэль Баравая прызнаецца, што яе прыгожае імя ніколі не асацыявалася з тым, што яно азначае прозвішча Ленін наадварот. Пра гэта ёй толькі ў гадоў 16 сказаў яе выкладчык у медыцынскім каледжы. 

А імя сваё атрымала ў гонар аграномкі.

– Я нарадзілася ў Свярдлоўскай вобласці, у вёсцы Вялікая Качоўка. Бацькі мае былі звычайнымі сялянамі, да камуністычнай улады не мелі ніякага дачынення. Але аднойчы да нас у вёску прыехала маладзенькая аграномка па размеркаванні. Уся такая разумніца, прыгажуня. І мяне назвалі ў яе гонар.

Уладзілен: добра, што не Даздраперм

Уладзілен Сямашка, у адрозненне ад жанчын з рэвалюцыйнымі, але мілагучнымі імёнамі, свайго імені не любіць.

– Маю такое шчасце называцца Уладзіленам, – з іроніяй кажа мужчына. – У больш сталым узросце хацеў яго змяніць. Але, шчыра прызнацца,  пабаяўся валакіты.

Называць дзяцей савецкімі імёнамі нельга, лічыць мужчына.

– Усім жа вядома, што імя накладвае адбітак на характар і лёс чалавека. Які адбітак можа накласці на дзяўчынку імя Даздраперма і Пяцілетка?

Калерыя: імя абазначае “гарачая”

– Як добра, што калі мяне так называлі, бацькі не ведалі, што імя Калерыя можна расшыфраваць як “Красная армия легко разгромила империалистов Японии”. Мяне назвалі старажытным грэцкім іменем, якое абазначае гарачая. Калі хрысцілі, бацькам сказалі, што буду шчаслівая. Так і атрымалася.

Леніна: імя запісаў сакратар сельсавета

– Так атрымалася, што, калі бацька пайшоў рэгістраваць мяне ў сельсавеце, сакратар, відаць камуніст, запісаў мяне і яшчэ дзвюх дзяўчынак, якіх пайшлі рэгістраваць у гэты ж дзень, Ленінамі. А ў жыцці ўсё называлі мяне Ленай. І нават у школе не дражнілі. Вось толькі пасля школы і цяпер вельмі часта людзі звяртаюць на гэта ўвагу. Мяне гэта не раздражняе, але ўсім тлумачыць няма часу і жадання.

Слоўнік імёнаў, якімі вас, на шчасце, не назвалі

Ватерпежекосма – Валентина Терешкова – первая женщина-космонавт

Вектор – Великий коммунизм торжествует

Ворс – Ворошиловский стрелок

Гертруда – Героиня труда

Кукуцаполь – Кукуруза – царица полей

Нисерха – Никита Сергеевич Хрущев

Пятвчет – Пятилетку в четыре года

Рем – Революция мировая

Тролебузина – Троцкий, Ленин, Бухарин, Зиновьев

Челнальдин – Челюскин на льдине

Урюрвкос – Ура, Юра в космосе

Юралга – Юрий Алексеевич Гагарин.