10 лістапада ўвечары ў вілейскім Доме культуры правялі кастынг «Міс Беларусь 2017».

– Хацелася больш актыўнасці і ініцыятывы ад віляйчанак на такіх конкурсах, – кажа намеснік дырэктара Дома культуры, сябра журы Вольга Шляпо.

Папярэднюю рэгістрацыю ўдзельніц не праводзілі, таму колькасьці дзяўчат не ведалі.

У выніку на конкурс прыйшло тры дзяўчыны – усе маладыя спецыялісты са сферы культуры – Вольга Абрамчык, Анастасія Лягчыла і Анастасія Чачуліна.

Удзельніцы паказалі свае здольнасці ў дэфіле, эрудыцыі, самапрэзентацыі, веданні англійскай мовы.

У склад журы ўваходзілі Вольга Шляпо, мастацкі кіраўнік ДК Аляксандра Лапацкая, харэограф Крысціна Язневіч, рэжысёр Кірыл Чэрнік.

Дзяўчатам задавалі пытанні пра прыгажосць, моду, стыль. Па словах Вольгі, канкурсанткі адчувалі сябе ўпэўнена.

Сярод нешматлікіх гледачоў быў малады чалавек, які таксама задаваў пытанні ўдзельніцам, а пасля сказаў, што вілейскія дзяўчаты змогуць дастойна прадставіць свой раён на больш высокіх узроўнях конкурсу.

Па рашэнні журы, Вілейшчыну на абласным конкурсе прадставіць Вольга Абрамчык. Дзяўчына працуе метадыстам у клубнай сістэме раёна.

Фота Вольгі Шляпо.