Лаўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіча сёлета стаў пісьменнік, бард, журналіст Зміцер Бартосік за кнігу “Быў у пана верабейка гаварушчы”. За гэтую кнігу Зміцер месяц таму атрымаў прэмію Гедройца.

У кнізе – падарожныя нататкі журналіста, яго гутаркі з жыхарамі гарадоў і вёсак Беларусі. Не абмінуў журналіст і наш рэгіён. На старонках ёсць успаміны жыхароў Маладзечаншчыны, Вілейшчыны, Валожыншчыны, Астравеччыны, Ашмяншчыны.

Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у студзені 1995 года. Першым старшынём журы быў народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Сёлета вызначаны 36-ы лаўрэат.

Прэмію прысуджаюць за лепшую кнігу публіцыстычных твораў. У розныя гады лаўрэатамі прэміі былі Павел Шарамет, Рыгор Барадулін, Сяргей Дубавец, Аляксандр Тамковіч, Уладзімір Някляеў.

Вось урывак з твора Бартосіка пра вёску Суднікі, што на Вілейшчыне:

“Тое, што вайна ў Беларусі працягвалася і пасля вайны, не сакрэт. А вось маштабы антысавецкага супраціву невядомыя да гэтае пары. У лес сышлі тыя, хто хаваўся ад мабілізацыі ў РККА ў 1944-м. Туды ж падаліся былыя акупацыйныя паліцыянты. У лесе былі аддзелы Арміі Краёвай. Туды ж сышлі і свядомыя беларусы  – змагары з савецкай уладай. Імёны Яўгена Жыхара, Мікалая Дэмуха ды Івана Раманчука да гэтае пары выклікаюць у каго жах, у каго захапленне…

Недалёка ад мястэчка Ілья ёсць масавае пахаванне, якое ніяк не пазначанае. Хоць у той магіле ляжаць сотні людзей. Гэта ахвяры вайны, памяць пра якую складальнікі савецкай гісторыі імкнуліся выкрасьліць з розумаў і сэрцаў. Вайны, якая ішла ў Заходняй Беларусі ад 1944-га да пачатку 1950-х гадоў.

Ільянскі гісторык Уладзімір Кажамяка збірае сведчанні той забытай вайны:

 – О! Тут якія банды былі! Банда Пётры Харытонава. А якая мэта была ўва ўсіх гэтых людзей? У іх была мэта  – супрацьстаяць савецкай уладзе. У пачатку яны хадзілі свабодна, нават па вёсцы. “Мы зробім пераварот!” У гэтым была мэта іхная і задача. Ну, канешне, яны дзейнічалі спосабам якім? Засады, забойствы. Што значыць змагацца з уладай? Гэта змагацца з тымі, хто падтрымлівае гэтую ўладу, хто кіруе на месцах.

Суднікі  – вёска, абкружаная з усіх бакоў пагоркамі, парослымі лесам. Яна пабудаваная так, нібы людзі тут хацелі схавацца ад чужых вачэй. У некалі паўналюдным паселішчы, дзе з міжваеннае пары ляжыць дасканалы брук, сёння жывуць адно мінскія дачнікі. З карэнных жыхароў засталася толькі пара 80-гадовых бабуль. Падзеі саракавых гадоў яны запомнілі на ўсё жыццё.

Зінаіда Вяжэвіч, гаваркая гасцінная бабуля, камандзіра антысавецкага фармавання Пятра Клімёнка, сына Харытона, упершыню пабачыла ў 1943-м. Вось пры якіх абставінах:

 – Як цалкам вайна разыгралася, пачалі вёскі паліць у Беларусі, ён прыехаў сюды. У яго на рукаве было напісана “СД”. Нашу вёску абкружылі паліць. І ён выратаваў нашу вёску. Ён пагаварыў з эсэсаўцамі, яны ўсе паехалі. З-за гэтага мы засталіся жывыя ўсе. Пётра прыехаў і выратаваў вёску.”