Патураючы густам шырокай публікі, газетчыкі ва ўсе часы змяшчалі на старонках сваіх выданняў захапляльныя бытавыя замалёўкі, сенсацыйныя матэрыялы пра нейкія здарэнні, крымінальную хроніку.

Сёння я прапаную невялікі агляд публікацый пра розныя стыхійныя бедствы і іншыя напасці, якія ўскладнялі і без таго нялёгкае жыццё жыхароў нашага краю у першай палове ХХ стагоддзя.

Многія газеты міжваеннай Польшчы (у прыватнасці – “Słowo”, №141, 22.06.1929г.) паведамілі пра вялікі пажар, які адбыўся ранкам 21 чэрвеня 1929 года ў Гальшанах. Нягледзячы на тое, што ў яго тушэнні прымалі ўдзел не толькі мясцовыя пажарнікі, але і іх калегі з Граўжышкаў, Дзявенішкаў, Ашмянаў і Крэва, тады згарэла 27 жылых дамоў і 4 гаспадарчыя пабудовы. Больш падрабязна пра гэтае здарэнне можна пачытаць у матэрыяле Уладзіміра Прыхача.

А вось што знаходзім у старых газетах пра некаторыя іншыя беды, з якімі давялося сутыкнуцца нашым землякам.

Газета “Беларус” ад 18 ліпеня 1913 года паведамляе пра смерць 18-гадовага хлопца Браніслава Буцькі з Крэўскай воласці. Яна надышла ад удару маланкі падчас навальніцы.

У гэтай жа газеце за 3 кастрычніка расказваецца пра тое, што 7 верасня праз Гальшаны прайшла градавая хмара. Град быў з грэцкі арэх, а часам дасягаў памераў добрай бульбіны. Ён павыбіваў вокны, пасля яго ў полі знаходзілі забітых варон, курапатак і зайцоў.

З Ашмянаў у гэты час ехалі трое яўрэяў, двое з іх схаваліся ад граду пад воз. Трэці застаўся на возе, дык яго з разбітай галавой і чуць жывога прыйшлося везці ў ашмянскую бальніцу.

Паведамляецца таксама, што град нарабіў шкоды ў Гальшанах на 1000 рублёў.

Пра яшчэ адну напасць, якая не давала жыцця жыхарам нашага краю на працягу некалькіх гадоў пасля І сусветнай вайны, піша беларуская газета “Раніца” ў нумары за 17 студзеня 1922 года. Там змешчаны адразу два паведамленні з ашмянскага павету пра тое, што ў лясах пад Жупранамі, Крэвам і Гальшанамі развялася процьма ваўкоў, якія трымаюць у страху людзей і робяць дзёрзкія напады на іх гаспадаркі, загрызаючы свойскую жывёлу.

Сяляне адной з вёсак з-пад Дзівінішкаў расказалі, што ваўкі напалі на жаўнера, які вяртаўся ў сваю часць. Той пачаў страляць па іх, і, калі скончыліся патроны, узяўся абараняцца шабляй. Але і шабля зламалася, пасля чаго ваўкі разарвалі небараку на часткі.

Сяляне скардзяцца ў газету, што мясцовыя ўлады ведаюць пра праблему, але не робяць ніякіх захадаў, каб арганізаваць аблаву на лютых драпежнікаў.

Аляксандр КАМІНСКІ, «Крэўскае мора».