У ашмянскім краязнаўчым музеі 24 лістапада правялі імпрэзу “Традыцыі на мове сяброўства”, прысвечаную культуры і звычаям татар.

На мерапрыемства запрасілі жыхароў горада.

Пазнаёміць гасцей з гісторыяй і культурай татар на Беларусі прыйшоў старшыня імамаў Дзмітры Радкевіч. Ён распавёў пра звычаі, стравы, святы татарскага народа, падрыхтаваў кніжную выставу.

Вядучыя прыгадалі гістарычныя звесткі, згодна з якімі Ашмянскі павет быў месцам татарскага асадніцтва яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Пра гэта нагадваюць геаграфічныя назвы ў ваколіцах Крэва.

А яшчэ ў музеі распавялі, што вёска Бенюны сучаснага Ашмянскага раёна ад 1748 да 1809 года належала Сабалеўскім з татарскага роду.