Ад 12 да 18 снежня жыхары Вілейшчыны могуць паставіць свае подпісы пад зваротам у Адміністрацыю Прэзідэнта аб будаўніцтве новага анкадыспансера ў Вілейцы, распавяла «Рэгіянальнай газеце» віляйчанка Жанна Гардынец.

Зварот аб будаўніцтве новага анкадыспансера ў Вілейцы ці яе аколіцах падрыхтавала ініцыятыўная група, якая на працягу некалькіх месяцаў змагаецца за перанос гэтай установы з будынка былой турмы.

У звароце віляйчане адзначылі, што лячэнне хворых на анкалогію ў вілейскім дыспансеры не адпавядае сучасным нормам і ўяўленням пра медыцынскую дапамогу. Пры гэтым звяртаюць увагу, што не маюць ніякаяй асабістай зацікаўленасці і ніякіх прэтэнзій да працы медыкаў вілейскай ЦРБ.

– Подпісы збіраем па горадзе і па вёсках, – расказала «Рэгіянальнай газеце» Жанна Гардынец. – Цешыць, што сустракаем шмат неабыякавых людзей, якія ставяць свае подпісы і гатовыя дапамагчы.

На наступным тыдні зварот накіруюць у адміністрацыю Прэзідэнта.