Вілейскі прадпрымальнік Віталь Малыш плануе аднавіць «Казіны» мосцік праз Вілію, разбураны ўраганам сёлета вясной.

Гэта немалыя грошы, фізічная сіла і іншыя складанасці, але Віталь перакананы: «Казінаму» мосціку ў Вілейцы быць!

– Я нарадзіўся ў Вілейцы ў іншым раёне, але каля «Казінага» мосціка жылі сваякі, – прыгадвае Віталь. – Таму пачынаючы з сярэдзіны 1980-х гадоў тут я бавіў канікулы, святкаваў дні нараджэння. Ведаю, у многіх віляйчан з мосцікам звязаныя падобныя ўспаміны. Як можна сцерці з памяці гэтую “вілейскую” славутасць?

Мосцік для коз, грыбнікоў, рыбакоў і закаханых

Віталь распавёў, што мосцік самастойна будавалі жыхары Вілейкі, якія жывуць каля ракі. Калі трэба, самі, без дапамогі ўладаў, рамантавалі яго. А цяпер, падзяліліся, што больш не могуць “цягнуць” гэту справу без дапамогі.

Першапачаткова мост быў неабходны для таго, каб пераводзіць пасвіцца на той бераг свойскую жывёлу: кароў, козаў. Адсюль і назва.

А яшчэ на мосціку, па словах Віталя, можна было сустрэць рыбакоў, грыбнікоў, бацькоў з дзецьмі, рамантычныя пары закаханых. Віталь з сынам часта каталіся тут на роварах.

– Мяркую, працэнтаў 60 гараджан карысталіся «Казіным мосцікам», – дзеліцца Віталь.

Па словах мужчыны, масток быў вузкі, прыкладна паўметра ў шырыню, без парэнчаў. Некаторым віляйчанам ён падаваўся ненадзейным. Магчыма, з-за гэтай ненадзейнасці не ўсе гараджане хочуць падтрымаць рэканструкцыю моста, мяркуе прадпрымальнік.

Скрыні з грашыма адкрыюць вясной

Ад сярэдзіны жніўня Віталь замовіў у мясцовага прадпрымальніка скрыні для ахвяраванняў. На іх размясцілі два фотаздымкі мосціка: класічныя “да” і “пасля”.

Скрыні стаяць у некалькіх установах горада. Ёсць такая ў магазіне электратавараў у Доме быту, у Палацы культуры, у “Востраве чысціні”, прадуктовых крамах на плошчы Свабоды. Хутка паставяць яшчэ дзве.

– Я адразу пайшоў у падатковую інспекцыю, удакладніў, што магу займацца зборам грошай. Пасля быў на прыёме ў старшыні райвыканкама. Ён нават узрадаваўся, што некага зацікавіла аднаўленне мосціка, – расказаў Віталь.

Па словах мужчыны, скрыні пакуль не адкрывалі. Гэта зробяць вясной. На яго думку, паўгода – мала для збору грошай. Але не хочацца адцягваць, каб народ “не перагарэў” ідэяй. Пакуль ёсць ахвотныя дапамагчы фізічна.

А гараджане патроху ахвяруюць. Пра вялікія сумы гаворка не ідзе. Нехта пяць капеек пакладзе, нехта – 50. Часам трапяцца і 20 рублёў. У бліжэйшы час прадпрымальнік плануе адкрыць банкаўскую картку. Можа, камусьці будзе больш зручна ахвяраваць на мосцік, не выходзячы з дома. Па падліках прадпрымальніка, для таго, каб зрабіць мост, трэба каля трох тысяч рублёў.

Як будзе новы казіны мосцік

Віталь прыгадаў, што нядаўна лавіў рыбу недалёка ад таго месца, дзе стаяў мосцік, і сустрэў хлопчыка-рыбака. Хлопчык з вудай некалькі разоў паўтарыў, як шкада, што няма мосціка. Завязалася гутарка.

– Хлопчык сказаў тады, што і ён ахвяраваў, і бацька яго, і дзядзька, і іншыя сваякі, – прыгадаў Віталь. – А гэта яшчэ раз пераконвае, што мосцік патрэбны.

І ўсё ж сустракаюцца людзі, якія кажуць “разбурыўся мосцік – і забудзьцеся пра яго”. Бачыў Віталь і такіх, хто нарадзіўся і жыве ў Вілейцы, але пра мосцік не чуў.

Адна са скрынь стаіць у краме прадпрымальніка Віталя Малыша.

Адна са скрынь стаіць у краме прадпрымальніка Віталя Малыша.

Сорак металічных паляў закупяць у фірме, якая займаецца ў Беларусі будаўніцтвам і рэканструкцыяй мастоў. Хутчэй за ўсё, да спецыялістаў гэтай фірмы будуць звяртацца і ў час аднаўлення моста.

– Ні я сам, ні іншыя гараджане, наколькі мне вядома, не могуць пахваліцца багатым досведам у мостабудаўніцтве, – жартуе мужчына.

Працы пачнуць, калі вада пацяплее, а гэта значыць, бліжэй да лета. Для мосціка абяруць месца, дзе не асабліва глыбока, каб было лягчэй і танней.

Якім жа будзе новы мосцік? Значна шырэйшым за стары. Па словах Віталя, каля метра ў шырыню. Аснова будзе металічнай. Як распавёў субяседнік, з улікам сучасных тэхналогій металічныя палі могуць прастаяць у вадзе 60-80 год. Насціл будзе з дошак.

Пасярэдзіне моста плануюць зрабіць два выступы па баках. Яны будуць выконваць адразу некалькі задач. Па-першае, на адну з пляцовак можна будзе сысці, каб, напрыклад, размінуцца з чалавекам на ровары. Па-другое, гэтыя дзве пляцоўкі зробяць мост больш трывалым. А трэцяя функцыя – эстэтычная. Стоячы на пляцоўцы мосціка, гараджане змогуць глядзець на хвалі і берагі Віліі.

Для большай зручнасці новы мосцік зробяць з парэнчамі.

Магчыма, мосцік існуе столькі, колькі сама Вілейка

Вольга Коласава, старшы навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея, мяркуе, што казіны мосцік існуе шмат дзесяцігоддзяў.

– Свойскай жывёлы раней шмат трымалі, трэба ж было яе неяк на пашу перапраўляць, – кажа Вольга Аляксандраўна. – А паколькі той бераг Віліі ніколі не быў заселены, вось яго і выкарыстоўвалі для пашы.

Фота Аксаны Ярашонак.