21 снежня вілейскі музей запусціць праект “Ценевая батлейка”.
– Мы ўжо даўно шукалі новыя формы працы з наведнікамі, – кажа дырэктар музея Надзея Аўдзей. – А паколькі Новы год – гэта казачнае свята, а цені – гэта іншы, загадкавы свет, мы вырашылі запусціць праект у перадсвяточныя дні.
Па словах Надзеі, ценевая батлейка існавала ў Беларусі ў канцы 19 стагоддзя на Віцебшчыне, але не была распаўсюджанай. Больш ведалі традыцыйную батлейку з рэлігійнымі п’есамі пра цара Ірада.
Хутчэй за ўсё, ідэю ценевавага тэатра на Беларусь прывезлі нашы продкі, якія ў пазамінулым стагоддзі падарожнічалі па Японіі і Кітаі. А потым аб’ядналі ўбачанае з ужо вядомай у нас батлейкай.
У лялечным тэатры прасцей паказаць настрой, лічыць дырэктар музея. Гэта можа зрабіць і праз выраз твару лялькі, і праз яе адзенне. Тэатр ценяў такой магчымасці не дае. Ёсць толькі цень як абалонка, абрыс. А астатняе глядач дадумае сам.
– Напэўна многія з нас у дзяцінстве забаўляліся з ценямі. Я дакладна так рабіла, – прыгадвае Надзея. – Кладучыся спаць у промнях заходзячага сонца рукамі на сцяне паказвала фігуры пры дапамозе рук.
У вілейскай ценевай батлейцы лялькі будуць з паперы. А ўвогуле, для тэатра ценяў можна выкарыстоўваць выцінанку, уласныя рукі. У Еўропе пашыраны вулічны тэатр ценяў, калі чалавек за шырмай з дапамогай свайго цела паказвае нейкія фігуры.
У рэпертуары вілейскай ценевай батлейкі пакуль адна казка – “Як мужык мядзведзя адужаў”. Але сам праект разлічаны надоўга. Яго тэрміны будуць залежаць ад таго, наколькі спадабаюцца гледачам “ценевыя казкі”.