Аляксандр Юркевіч здымаў кватэру на першым паверсе шматкватэрнага дома на вуліцы Чарвякова ў Мінску. Заходзіць ён неяк ранкам у прыбіральню, а там на бачку сядзіць вялікі шэры пацук. Пабачыўшы чалавека, ён нырнуў у ваду ва ўнітаз і знік.

Аляксандра гэты выпадак настолькі шакаваў, што ён пераехаў на іншую кватэру і вырашыў расказаць чытачам «Нашай Нівы»

«Уявіце ж спектр маіх пачуццяў! Мы паглядзелі адзін на аднаго: той таксама не ведаў, што рабіць, але першым прыняў рашэнне, скокнуўшы ў калідор, пачаў тыкацца ў куты. Я хуценька зачыніў дзверы на кухню і ў пакой, узяўся за венік і пачаў яго заганяць назад у туалет. Нейкі час мы так ваявалі, пасля чаго ён… даў нырца ва ўнітаз!»

«Добра яшчэ, што мая дзяўчына спала», — усміхаецца Аляксандр.

 Хлопец праверыў усе сцены. Ніякіх дзірак не было. Выходзіць, пацук і прыйшоў з каналізацыі.

«Суседзі сказалі, што заўважылі пацука раней за мяне і пачалі ўжо труціць, — кажа Аляксандр. — Але я падумаў, што гэта іхняя вайна, а мне прасцей проста змяніць кватэру».

Спецыялісты з санэпідэмстанцыі сказалі «Нашай Ніве», што пра канкрэтную апісаную сітуацыю ім цяжка разважаць, бо гэта ўсё са словаў. Але параілі: калі вы выявіце ў сябе пацукоў, якія прыходзяць з каналізацыі, то ні ў якім разе не труцьце іх самі (могуць здохнуць у цяжкадасяжных месцах).  Тэлефануйце ў санстанцыю ці ў раённы ЖЭС, яны вырашаць гэтую праблему прафесійна.