21 снежня ў вёсцы Новы Двор намеснік начальніка гродзенскай міліцыі Аляксандр Шастайла сустракаўся з людзьмі. Больш за ўсё прысутных цікавіла, што са зніклым яшчэ ў верасні хлопчыкам?

Нагадаем, 16 верасня Максім Мархалюк, хлопчык з вёскі Новы Двор, выйшаў пагуляць і знік. Масавыя пошукі з удзелам міліцыі, ратавальнікаў і валанцёраў плёну не далі. У выніку Следчы камітэт завёў крымінальную справу.

Шастайла паведаміў, што пошукі працягваюцца. У зоне пошукаў вакол Новага Двара старанна праверылі ўсё, каб быць упэўненымі, што цела няма. Таксама міліцыя адпрацавала некалькі тысяч чалавек, але безвынікова.

Аляксандр Шастайла падкрэсліў – выкарыстоўваліся ўсе магчымыя метады. На месца пошукаў прывозілі нават экстрасэнсаў, якія звярталіся ў міліцыю, заяўляючы, што дапамогуць. Але ізноў жа  – плёну не было.

Асабліва Шастайла папрасіў не распаўсюджваць чуткі і непраўдзівую інфармацыю, бо гэта і перашкаджае працы міліцыі, і раніць бацькоў зніклага хлопчыка.