Аднойчы падгледзеўшы ў інтэрнэце, якую прыгажосць людзі робяць з цеста, маладзечанка Кацярына Пашкоўская вырашыла: а што, калі паспрабаваць паўтарыць? Рукі ж, здаецца, з патрэбнага месца растуць. 

Першай “ахвярай” новага хобі Кацярыны стаў яе брат.

– Свой першы торт спякла на 35-годдзе брата. Торт быў у выглядзе жаночых грудзей. Брату спадабалася. Тады на кухні я стала праводзіць часу ўсё больш і больш.

Торты, кажа Кацярына, бываюць розныя. На некаторыя траціцца дзень. А на некаторыя даводзіцца выдаткоўваць дні чатыры. Залежыць ад цяжкасці ўпрыгожванняў.

Мышкі і мішкі, прынцэсы і жывёлы, ровары, камп’ютары, кнігі, машыны – усім можна ўпрыгожыць торт.

Каціны сябры, калі ўбачылі ў інтэрнэце фотаздымкі яе салодкіх шэдэўраў, сталі прасіць зрабіць торт на замову.

– Маю першую замову ад старонняга чалавека  запомніла. Патэлефанаваў мужчына. Папрасіў зрабіць торт у выглядзе лялькі Барбі. Я так старалася. Рабіла рушы з ружовага крэму. А той мужчына за тортам так і не прыехаў.

Цяпер Кацярына марыць пра ўласную кандытарскую, каб рабіць не толькі шэдэўры на святы, але і прыемныя дэсерцікі на кожны дзень.

– Для мяне гэта пакуль хобі, – кажа Каця, – вялікіх грошай на тортах не заробіш. Бывае, што за некалькі месяцаў ні адной замовы, але я вельмі мару аб тым дні, калі мае торты зможа пакаштаваць кожны маладзечанец.