Пачынаць сваю справу цяжка заў­сёды. А калі рабіць гэту справу не толькі на сваю карысць, а ўключаць у дзейнасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

У Валожыне падвялі вынікі першага такога эксперыменту.

Першы набор стартап-школы праходзіў у рамках праекта “Валожын без бар’ераў”. Мэта праекта – зрабіць сацыяльныя і рэкрэацыйнай паслугі ў Валожынскім раёне больш даступнымі для людзей з інваліднасцю.

У фінале першай школы стартапаў былі прадстаўленыя тры бізнес-ідэі.

Вешанка – візітная картка Валожыншчыны

Найбольш паспяховай ідэяй можна назваць вырошчванне грыбоў-вешанак у цяпліцы, якая месціцца на тэрыторыі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў.

Прадставілі гэту ідэю Аляксей і Ларыса Шчарбачэвічы.

Яны расказалі, што на сённяшні дзень закупленае ўсё неабходнае абсталяванне, каб цяпліцы працавалі, каб салома з міцэліем закладваліся ў тэрмін.

Гэтай працай і займаюцца інваліды, якія папярэдне прайшлі навучанне.

– З адной закладкі, – кажа Ларыса, – мы можам збіраць тры ўра­джаі.

Пасля таго, як вешанкі вырастуць, іх здымаюць і фасуюць у кантэйнеры. І грыбы можна набыць адразу тут, у цяпліцах.

Каштуе кілаграм грыбоў 6 рублёў.

– Мы плануем прадаваць сваю прадукцыю ў Івянцы і Пяршаях. Бо гэтыя раёны да сённяшняга дня застаюцца аднымі з самых забруджаных радыяцыяй на Валожыншчыне. А вешанка, як вядома, гэта экалагічна чысты прадукт, які добра ўплывае на вывя­дзенне радыеактыўных элементаў з арганізма чалавека.

З аднаго ўраджаю збіраюць да 60 кілаграмаў грыбоў.

Пасля прэзентацыі Ларыса Шчарбачэвіч запрасіла ўсіх наведаць цяпліцу, каб на свае вочы пераканацца, як усё працуе.

У цяпліцы 17 градусаў. Там вільготна. Але грыбам такое надвор’е падабаецца, бо з мяхоў саломы тырчаць пругкія шэранькія капялюшыкі экалагічнага прадукту, які ў хуткім часе трапіць на сталы  валожынцаў, а ў перспектыве і на сталы жыхароў іншых раёнаў Беларусі.

Інклюзіўны турыстычны партал

Мэта турыстычнага партала “Way” спрасціць адпачынак людзям з інваліднасцю. На карце гэтага турыстычнага партала пазначаныя аграсядзібы, рэстараны, клубы, у якіх прадугледжаныя ўсе ўмовы для лю­дзей з інваліднасцю.

Павел Маліцкі, аўтар праекта, сказаў:

– Цяпер у распрацоў­цы версія сайта для лю­дзей з дрэнным зрокам.

На пытанне, якім чынам папаўняецца база месцаў для адпачынку, Павел патлумачыў:

– Гаспадары і дырэктары нам самі дасылаюць свае прапановы. Робяць фотаздымкі, каб людзі, напрыклад, у інвалідных вазках, маглі паглядзець, ці сапраўды тая або іншая аграсядзіба абсталяваная пандусамі, або ці дазваляе шырыня дзвярэй, напрыклад, наведаць парылку.

Хэндмэйд- упрыгожванні рэкламуюць дзеткі з сіндромам Даўна

Алена Жданюк апошняя прадстаўляла сваю бізнес-ідэю.

Нельга сказаць, што ідэя Алены новая. і хэндмэйд-аксесуараў нікога сёння не здзівіш.

А вось тое, што Алена надала свайму бізнесу не толькі сацыяльна-арыентаванае адценне, а сапраўды добрае адценне – выклікае павагу.

Вырабы Алены (абручы, заколкі) рэкламуюць дзяўчынкі з сіндромам Даўна.

Арганізатары мерапрыемства падкрэслілі, што падвялі толькі першыя вынікі працы стартап-школы ў Валожыне. На  будучы год будзе аб’яўлены новы набор. Таму, калі ў вас ёсць канкрэтная прапанова або толькі ідэя бізнес- праекта, напэўна, варта стаць вучнем стартап-школы.