Сябры, наша акцыя “Мой гадаванец” задумвалася як лёгкая навагодняя забава. Але так атрымалася, што яна выклікала нежартаўлівыя жарсці.

Некаторыя ўдзельнікі абвінавачвалі іншых у накрутцы галасоў у галасанні на прыз глядацкіх сімпатый на нашым сайце rh.by.

Ведаеце, гэта як у школе дзецям задаюць сачыненні? Настаўнікі ведаюць усе сайты, дзе можна спампаваць гатовае, але выдатную адзнаку атрымоўваюць усе адно тыя, хто пісаў самастойна. 

 І сапраўды, мы прапанавалі зручную, на наш погляд, форму на староннім сервісе, у якой рух галасавання відаць адразу.

Хаця на ёй і магчыма праводзіць накруткі, мы правяралі рэальную колькасць галасоў двума спосабамі.

Па-першае, у статыстыцы самой формы. Калі ў галасаванцы на сайце выбіваецца больш за 22 000 галасоў, статыстыка сервіса за перыяд ад 19 да 26 снежня сабрала 6 331 голас. Гэтай лічбе мы давяраем, таму што наведванне старонкі з галасаваннем паводле стасыстычнага сервіса analytics.google.com за гэты перыяд роўнае 7 211.

Вынікі галасавання паводле удакладненай статыстыкі ўносяць невялікія карэктывы. У галасаванні два лідары – Вольга з гадаванцамі Ірмай і Мартам набралі 9,8%, Іна з гадаванцам Шокі – 7,7%.

Што датычыцца працэнтаў, некаторыя пісалі, што яны не адпавядаюць рэчаіснасці, то справа ў платформе: на ён адлічваюцца працэнты да першай лічбы пасля коскі.

Мы вырашылі ўзнагародзіць усіх траіх гадаванцаў невялічкімі пачастункамі за прыз глядацкіх сімпатый.

На паседжанні рэдакцыі 22 снежня мы выбіралі пераможцаў конкурсу. Усе кандыдаты мілыя і прыгожыя. Аднак пераможцамі мы абралі тых, хто, на нашу думку, найбольш удала атрымаўся на здымку –Ірма і Март проста як з карцінкі.

Да таго ж, гаспадыня гэтых двух дварняжак Вольга Малько напісала гісторыю, якая не пакінула раўнадушнай нашу рэдакцыю:

– Заўсёды ведала, што калі вырасту – абавязкова завяду сабаку. І таму з пераездам у новы дом з першага дня з’явілася сабака. Узяла я шчанюка ў валанцёраў, таму што не хацела купляць сабаку, калі іх так шмат гіне і прападае на вуліцах. А праз некаторы час стала і сама дапамагаць знайсці добрыя рукі бяздольным сабакам. Так у маім доме з’явіўся худы спалоханы шчанюк, які так нікому і не спадабаўся і таму ён застаўся жыць у мяне.

Менавіта яны атрымаюць пачак корму.

Просім чытачоў паставіцца да навагодняй акцыі з добрай усмешкай. Няхай вашы чароўныя гадаванцы ў новым годзе прынясуць шмат радасці!