Адразу пасля Новага года Аляксандр Лукашэнка прысудзіў прэмію “За духоўнае адраджэнне”, якая ўручаецца на праваслаўнае Раство. Сёлета яе ўладальнікамі сталі тры арганізацыі і дзве асобы.
Найбольш адметна, што адным з лаўрэатаў стаў протаіерэй Віктар Перагудаў, настаяцель прыхода храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай у мястэчку Івянец Валожынскага раёна.
Айцу Віктару 60 гадоў, ён родам з Валожына. Святарствуе ўжо больш за 20 гадоў. Па першай адукацыі — мастак. Гэта адбілася на ягонай далейшай дзейнасці: ужо два разы ў Івянцы ён робіць з Саюзам мастакоў пленэр “Святасць зямлі беларускай”.
Віктар Перагудаў размаўляе ў жыцці на беларускай мове, таксама на ёй служыць у царкве, праводзіць нядзельную школку, размаўляе з вернікамі.
У Івянцы айцец Перагудаў пабудаваў царкву ў гонар Еўфрасінні Полацкай, а таксама крыптавую царкву у гонар святога Міны, епіскапа Полацкага. Стварыў дом міласэрнасці “Вікторыя” ў вёсцы Пральнікі, дзе апякуецца дзецьмі-інвалідамі з Івянецкага дому-інтэрната.
Айцец Віктар мае сталыя сувязі з беларускай дыяспарай. Напрыклад, адзін з найбольш значных дзеячаў эміграцыі Янка Запруднік, наведваючы Беларусь, штораз прыязджае ў івянецкую царкву, дапамагаў пры будаўніцтве і грашовымі сродкамі, і малітвай.
Віктар Перагудаў звяртаўся да мітрапаліта Філарэта, каб ён узнагародзіў Запрудніка. У выніку Запруднік быў узнагароджаны ордэнам Кірылы Тураўскага ад БПЦ.
Цяпер айцец Перагудаў жыве ў Ракаве. Мае дзвюх дачок.