Спартыўны грузавік МАЗ сарваўся з пяціметровага пясчанага пагорку, пасля чаго перакуліўся на бок. Неймаверны кульбіт здарыўся падчас ралі-рэйду “Дакар” і быў зафіксаваны на камеру. Што цікава, ужо праз 10 хвілін спорткар пад кіраваннем Сяргея Вязовіча стаяў на колах і ў выніку нават аказаўся шосты на фінішы.

Інцыдэнт адбыўся за кіламетр ад фінішу аднаго з самых складаных спецучасткаў на тэрыторыі Перу.

Беларускі пілот Сяргей Вязовіч вырашыў праехаць насып з бакавым ухілам проста “ў лоб”, аднак не ўлічыў пяціметровы абрыў. Добра-такі разагнаўшыся, грузавік паляцеў з вялізнага бархана, нягледзячы на спробы гоншчыка рэзка затармазіць. Машына звалілася рамай у пясок і ад удару перакулілася на бок. Сутыкненне было настолькі моцным, што грукат быў чутны за кіламетр.

У той жа час грузавік абсалютна не пашкодзіўся. Праз 10 хвілін на дапамогу прыйшоў МАЗ Аляксея Вішнеўскага, які з дапамогай троса вярнуў машыне звыклае становішча. МАЗ аказаўся цалкам спраўным. Нават аліва не выцекла. Гоншчыкі адразу ж завялі аўтамабіль і здолелі фінішаваць на шостым месцы.